Зімовы экзамен вытрымалі годна
Вясна ўступае ў свае правы. Зарупіліся ў палях хлебаробы. А жывёлаводы падводзяць вынікі работы за зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы.
На гэты час райкамам прафсаюза работнікаў АПК былі распрацаваны ўмовы спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення. Сумесна з прафсаюзнымі камітэтамі сельгаспрадпрыемстваў вызначаны пераможцы.
— У разлік не бралі рабатызаваныя сучасныя комплексы, — гаварыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч. — Гаспадаркі падзялілі на тры групы, бо не ва ўсіх аднолькавыя ўмовы ўтрымання жывёлы і работы жывёлаводаў. У кожнай групе вызначыўся лідар. Разам з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуардам Януковічам аб’язджаем фермы, ушаноўваем найлепшых.
Найвышэйшы сярэдні надой ад каровы за зімова-стойлавы перыяд у Наталлі Ткачовай з фермы «Навасёлкі» ААТ «Навасёлкі-Лучай» — 2 482 літры. Прозвішча Наталлі пастаянна значыцца сярод найлепшых аператараў раёна.
На ферме ў Целяках ААТ «Хацілы-агра» яе работнікі гасцей з раёна чакалі ў пакоі адпачынку. Калі Васілій Катовіч назваў прозвішча Веранікі Валодзькі, усе дружна заапладзіравалі. Вераніка за стойлавы перыяд ад кожнай каровы надаіла ў сярэднім 2 410 літраў. Гэта найлепшы вынік па ферме і другі — у раёне.
Сярэдні надой у групе Вольгі Феакціставай з фермы «Падлявонавічы» ААТ «Камайскі-агра» — 2 196 літраў.
Святлана Гурзан з малочнатаварнага комплексу ў Кураполлі ААТ «Кураполле-агра» — пераможца сярод аператараў машыннага даення гаспадарак другой групы. За зімова-стойлавы перыяд яна надаіла ад кожнай каровы ў сярэднім 2 361 кілаграм малака. На жаль, застаць лідара на рабочым месцы не атрымалася: Святлана захварэла. Таму дыплом і прэмію перадалі загадчыцы фермы Марыне Палітыцы.
Для Святланы Бальшаковай з фермы «Шыркі» ААТ «Сцяг Перамогі-агра» той дзень, калі да яе з узнагародай прыехаў прафсаюзны лідар аграрыяў, быў вельмі насычаным. Жанчына завіхалася каля жывёлы і планавала, як найхутчэй паехаць дадому, каб пацешыцца з унучачкі, якую ў гэты дзень забралі з радзільнага аддзялення.
— Прэмія будзе вельмі дарэчы, — зазначыла Святлана.
У ААТ «Ярэва-агра», якое ўвайшло ў трэцюю групу гаспадарак, нязменны лідар па надоях малака — Любоў Андрэйкавец. Для ўручэння дыплома яе запрасілі ў адміністрацыйны будынак гаспадаркі. Шчыра хваліла аператара галоўны заатэхнік Ганна Тарасевіч.
Юлія Шкорнік з дунілавіцкай фермы сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» ў свой выхадны сабралася па справах у Паставы. Дырэктар гаспадаркі папрасіў яе зайсці ў райкам прафсаюза работнікаў АПК. Там Юлія і атрымала з рук Васілія Катовіча дыплом і прэмію. Парадавалася за маму дачушка Аксана, з якой разам прыехалі ў райцэнтр.
— У Дунілавічах працую 11-ы год, — расказвала Юлія Шкорнік. — Сама родам з Норыцы. Нас у бацькоў пяцёра. Даяркай працавала мама. Мы ёй заўсёды дапамагалі. Але, калі прыйшлося самой узяць групу кароў, зразумела, што шмат чаго не ведаю. Цяпер новыя патрабаванні па якасці малака. Вучылася ў больш вопытных. Спачатку для абнаўлення статка ў групу ўводзіла па некалькі першацёлак. Летась набрала групу з 50 галоў. Раздаіла і за зімова-стойлавы перыяд атрымала ад кожнай нядрэнны надой — у сярэднім 2 260 літраў малака.
— Зімоўка жывёлы — адказны перыяд для работнікаў ферм, — падвёў вынік Эдуард Януковіч. — Гэта час масавых ацёлаў. Трэба старацца захаваць маладняк, павялічваць прадукцыйнасць пагалоўя, дабівацца высокай якасці малака. Аналізуючы зімова-стойлавы перыяд, магу сказаць, што гэты экзамен большасць жывёлаводаў вытрымалі годна.
Анна Анішкевіч