Ні за што жыцця пазбавіў
27 ліпеня бягучага года жыхару вёскі Сяргеевічы Мікалаю Ф. споўніцца 70. Юбілейны дзень нараджэння ён сустрэне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паўтара месяца назад суд Пастаўскага раёна прыгаварыў грамадзяніна за здзейсненае ім цяжкае злачынства да 9 гадоў зняволення.
Той дзень, 4 кастрычніка 2021 года, не прадвяшчаў трагедыі. Мікалай, атрымаўшы напярэдадні пенсію, прыехаў у бацькоўскі дом у Варапаеве, які апусцеў пасля смерці гаспадароў і ў які ён перыядычна наведваўся. Неўзабаве да яго зайшоў даўні знаёмы Часлаў Д., які быў нападпітку. Потым яны пілі на кухні разам. Часлаў застаўся начаваць. Абаснулі абодва.
Ноччу гаспадар прачнуўся. Уключыўшы на кухні святло, убачыў на стале бутэльку з недапітым віном. І вырашыў пахмяліць госця, які ў іншым пакоі спаў, седзячы на канапе. Узяўшы ў рукі бутэльку, хлеб, каўбасу і нож, падышоў да яго і пачаў будзіць, маўляў, давай вып’ем. Але той стаў мацюкацца і адмахвацца, ды так, што нож і закуска выпалі з рук Мікалая на падлогу. Гаспадар абурыўся: «Што гэта такое? У маім доме мяне зневажаюць!» Падняў з падлогі нож і не менш за тры разы ўдарыў ім паўсоннага чалавека ў грудзі. Той не закрычаў і нават не зварухнуўся.
Мікалай падабраў з падлогі закуску, вярнуўся на кухню. Тым жа самым нажом адрэзаў сабе каўбасы, выпіў віна, закусіў і лёг спаць. У п’янага мужчыны нават думкі не ўзнікла, што Часлаў мёртвы. Гэта выявіла раніцай яго знаёмая, якая зайшла ў дом. Жанчыну насцярожыла, што чалавек неяк ненатуральна сядзеў на канапе, яго галава была адкінутая, твар — белы як палатно. Падышоўшы бліжэй, зразумела, што ён мёртвы. Выклікала хуткую дапамогу і міліцыю.
Адразу ўстанавіць прычыну смерці было складана, бо на твары і адзенні загінулага не было ніякіх слядоў насілля. Нідзе не бачылася і крыві. Як пазней паказала судовая экспертыза, смерць наступіла ў выніку пранікальных колата-рэзаных раненняў грудной клеткі з пашкоджаннем лёгкага, печані і вострым масіўным унутраным кровазліццём са з’яўленнямі шоку.
Вось так, у п’яным чадзе, Мікалай Ф. фактычна ні за што пазбавіў жыцця чалавека. Зараз цяжка расплачваецца за ўчыненае злачынства. Вельмі дарагая цана. А ўсё пачыналася са звычайнай бытавой п’янкі…
Наталля Максімовіч, суддзя суда Пастаўскага раёна