Для тых, хто ёсць, і тых, хто будзе
Жыхар вёскі Хрыстова Міхась Татарэнка ўваскрашае памяць пра «памерлыя» вёскі.
У аўторак, 3 мая, праваслаўныя вернікі адзначаць Радаўніцу. Многія з іх у гэты дзень адправяцца на могілкі, каб запаліць свечкі ў памяць пра тых, каго ўжо няма побач.
Сумна, але адыходзяць у нябыт не толькі людзі, але і цэлыя вёскі. Некаторыя час сцірае з твару зямлі цалкам — так, што каменя на камені не застаецца. І адзінымі (пакуль што) апазнавальнымі знакамі таго, што некалі на гэтых месцах віравала жыццё, застаюцца кусты бэзу ці сухія яблыні, якія даўно не прыносяць пладоў.
Але бываюць выключэнні. На месцах зніклых вёсак каля Хрыстова можна ўбачыць вельмі прыгожыя «домікі» з крыжам ды абразамі ўнутры. Ля іх ёсць месца для лампадак. Час ад часу ў іх, нібы ў вокнах зніклых дамоў, запальваецца святло. Ставіць тут лампадкі жыхар Хрыстова Міхась Татарэнка. Такім чынам ён ушаноўвае памяць пра вёскі. І робіць гэта так, як не рабіў ніхто.
У госці да Міхася завітала якраз напярэдадні Радаўніцы. Здзіўляць ён пачаў з першых хвілін сустрэчы. Найперш, калі паказаў транспарт, на якім мы неўзабаве адправімся ў незвычайнае «турнэ» па населеных пунктах, якіх ужо няма.
Транспарт гэты — трактарок, да якога прычэплены кузаў ад старога аўтамабіля. Першыя хвіліны паездкі ў «карэце» колеру гарбуза з майго твару не сыходзіла ўсмешка. Але на першым жа прыпынку, каля былой вёскі Замосце, настрой пагоршыўся, калі «экскурсавод», паказваючы на роўнае поле, пачаў расказваць пра людзей, якія некалі тут жылі і працавалі.
Па дарозе да наступнай зніклай вёскі з назвай Запаляны спыніліся каля абнесенай агароджай магілы. Крыж, кветкі, лампадкі, крэселка пад яблыняй… На першы погляд, тут свой вечны спачын знайшоў чалавек, памяць пра якога клапатліва аберагаюць родзічы. Але гэта меркаванне было памылковым: паставіў крыж і добраўпарадкаваў магілу мой суразмоўца, ён жа круглы год клапоціцца пра парадак на ёй.
— Тут пахаваны салдат, загінулы падчас савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў, — расказваў Міхась Татарэнка, ставячы на магіле новыя лампадкі. — Вайскоўцы адступалі, яго, параненага, пакінулі, і ён хутка памёр. Ноччу салдата пахавалі жыхары вёскі Запаляны. Пра гэта мне расказаў яе жыхар Адам Каралёнак. Раней тут быў толькі невялікі насып з драўляным крыжам. Але ж самі ведаеце, якое недаўгавечнае дрэва. Таму і вырашыў замяніць крыж на металічны.
Па дарозе разглядаю архіўную карту мясцовасці і гартаю сшыткі, якія даў мне Міхась. На вокладцы кожнага — назвы вёсак. У тым, што пра Запаляны, запісаны і прозвішчы вяскоўцаў, якія некалі былі тут гаспадарамі. Вацлаў, Тафілія, Мальвіна, Мар’ян, Мечыслаў Ждановічы, Янка, Разалія, Ядвіга, Адам Каралёнкі… Гэтыя і яшчэ два дзясяткі імён чытаеш з хваляваннем: за кожным з іх — жыццё. І ва ўсіх разам — лёс адной вёскі, да месца якой і падысці цяжка, бо рэчка перашкаджае.
Яшчэ адзін прыпынак — у ранейшым фальварку Міхалова. Пра тое, што некалі тут віравала жыццё, сёння нагадвае ўжо зарослы падмурак сядзібы, яма са «сценамі» з камянёў (былы склеп), роўныя, саджаныя чалавекам рады дрэў… Крыху воддаль можна разгледзець і рэшткі канюшні — па замшэлых камянях лёгка «чытаецца» яе перыметр.
Пад’язджаем да знака-доміка ў Турчыне, дзе на пачатку 1930-х гг. жыло чатыры дзясяткі чалавек, і вяртаемся ў Хрыстова. Там чакае яшчэ адна эскурсія па «ўладаннях» Міхася. 69-гадовы гаспадар паказаў рарытэтныя аўтамабілі і даваенны матацыкл, самаробны квадрацыкл, жорны, прыстасаванне для вырабу дранкі (дахоўкі), разнастайныя сельскагаспадарчыя прылады… Дык многім з іх месца ў музеі!
Як аказалася, абуладкаванне музея, а таксама стварэнне капліцы і ёсць адна з найбліжэйшых задач нястомнага жыхара Хрыстова. Тут, на радзіме бацькі і дзеда, ён пражыў амаль усё сваё жыццё: і ў калгасе працаваў, і фермерствам разам з жонкай займаўся. З ёй дарэчы, пражыў ужо 48 гадоў. Разам выгадавалі пяцярых дзяцей, радуюць двое ўнукаў.
…Адны называюць Міхася дзіваком, другія дзякуюць за яго справы. А ён іх робіць, бо шануе карані, паважае продкаў і шчыра верыць у Бога. Менавіта таму хрыстовец зрабіў і ўсталяваў крыж на могілках і крыж на скрыжаванні дарог у роднай вёсцы. Менавіта яго доўга разглядала перад ад’ездам у Паставы. І ён мне падаўся сімвалам веры ў тое, што памяць будзе жыць не толькі пра памерлых людзей, але і пра зніклыя вёскі…
Іна Сняжкова