Будучыня лесу – у нашых руках
У суботу ў 15-ы раз стартавала акцыя «Тыдзень лесу-2022». Аднымі з першых пажадалі прыняць у ёй удзел ваеннанслужачыя пагранзаставы «Ярэва».
Сяржант Уладзіслаў Марцулевіч, радавыя Алег Тумаш, Павел Мельчанка, Максім Нікіценка разам з намеснікам начальніка заставы Максімам Лобачам прыехалі ў Пастаўскае лясніцтва. Ляснічы Алег Цыунель паказаў участак, дзе трэба было пасадзіць сосны, выдаў спецыяльныя прыстасаванні для пасадкі — мячы Колесава. Леснікі Аляксей Барысаў і Аляксандр Свіла паказалі, як трэба карыстацца прыладай, і растлумачылі, як правільна садзіць саджанцы. Работа закіпела.
— Лічым, што робім патрэбную і важную справу, — казалі пагранічнікі. — Лес — не толькі прыгажосць, рэсурсы, але і здароўе. Далучыўшыся да гэтай экалагічнай акцыі, мы ўносім свой уклад у прымнажэнне прыроднага багацця нашай краіны.
Хлопцы яшчэ не паспелі пабудаваць свой дом, выхаваць сына, а вось норму па пасадцы дрэў перавыканалі ў дзясяткі разоў.
Садзілі лес і самі леснікі. Час ад часу яны адрываліся ад справы і кантралявалі якасць работы ваеннаслужачых. Заўваг да маладых памочнікаў не было.
— На гэтым участку пару гадоў таму на соснах выявілі караеда, — расказвалі Аляксей Барысаў і Аляксандр Свіла. — Хворыя дрэвы выразалі. Летась падрыхтавалі пляцоўку для пасадкі. Сёння садзім сосны. Той, хто думае, што на гэтым работа завершыцца, глыбока памыляецца. Маладыя насаджэнні на працягу гадоў 15 будзем старанна даглядаць: абкошваць траву, высякаць хмызняк, які насеецца натуральным спосабам. А ўбяруцца дрэўцы ў сілу —забудзем пра іх да таго часу, пакуль не саспеюць. Пажынаць плады нашай сённяшняй працы будуць нашчадкі.
«Тыдзень лесу-2022» сёлета прысвечаны Году гістарычнай памяці. Кожнага, хто пажадае прыняць удзел у акцыі, чакаюць у Пастаўскім лясгасе і яго лясніцтвах. Запланавана не толькі садзіць лес, але і наводзіць парадак у прыдарожных палосах, месцах масавага адпачынку гараджан. Работы хопіць усім.
Анна Анішкевіч