#МыЗаБеларускае. Так называўся чэлендж, арганізаваны ААТ «БелВітуніфарм». У ім удзельнічалі больш за сотню сельгаспрадпрыемстваў краіны, якія найчасцей набываюць ветпрэпараты вытворчасці гэтага прадпрыемства.
Нядаўна былі падведзены вынікі чэленджа. Дыплом за 2-е месца і мабільны тэлефон у падарунак атрымала галоўны ветурач ААТ «Кураполле-агра» Жанна Радулевіч.
— Вельмі прыемна і нечакана, — прызналася Жанна Пятроўна. — Узнагароды ўручаў генеральны дырэктар «БелВітуніфарма» Сяргей Бальшакоў. Гэта прадпрыемства займае адну з лідзіруючых пазіцый на рынках Беларусі і СНД і выпускае ветэрынарныя прэпараты больш чым 150 найменняў. Яны маюць еўрапейскія сертыфікаты якасці. Для грамадскага статка нашай гаспадаркі мы набываем сыроватку, вірусныя і бактэрыяльныя вакцыны, лекавыя сродкі вытворчасці «БелВітуніфарма».
Жанна Радулевіч у ветэрынарыі амаль 25 гадоў, таму мае багаты вопыт работы. Гэту прафесію выбрала невыпадкова: заатэхнікам працаваў яе бацька. Скончыла Лужаснянскі аграрны каледж і ўладкавалася на працу па месцы жыхарства.
У ААТ «Кураполле-агра» ўтрымліваецца больш за 5 000 галоў буйной рагатай жывёлы. А самым эфектыўным сродкам захавання яе здароўя з’яўляецца прафілактыка захворванняў, немалаважную ролю ў якой адыгрывае своечасовае прымяненне вакцын, сыроватак і іншых ветпрэпаратаў.
— Для пераможцаў чэленджа прайшла экскурсія па «БелВітуніфарме», — працягвала Жанна Радулевіч. — Цікава было пазнаёміцца з навінкамі прэпаратаў, выпуск якіх асвоены нядаўна, пачуць пра распрацоўкі новых іх відаў. А гэта айчынныя вакцыны для птушак, рыб і нават пчол. Мы першымі ўбачылі скульптуру «Брэменскія музыканты», устаноўленую каля прадпрыемства ў вёсцы Должа, і папрысутнічалі на яе адкрыцці.
Анна Анішкевіч
Фота Аляксея Філімонава