ДРУСЬ Валянціна Юр’еўна – дырэктар Пастаўскага раённага краязнаўчага музея
Нарадзілася 20 ліпеня 1995 года ў вёсцы Азярава Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. У 2017 годзе закончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці «Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны». Падчас вучобы ва ўніверсітэце непрацяглы час працавала выхавальнікам у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Лясная паляна» філіяла «Аўтавакзал» ААТ «Віцебскаблаўтатранс», затым — настаўнікам гісторыі Ветрынскай СШ імя Д. В. Цябута Полацкага раёна. Атрымаўшы дыплом, пераехала на Пастаўшчыну і з верасня 2017 года з’яўлялася старшым навуковым супрацоўнікам Пастаўскага раённага краязнаўчага музея.
5 красавіка 2022 года загадам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама па ўзгадненні са старшынёй раённага выканаўчага камітэта пераведзена на пасаду дырэктара музея.
— Паколькі краязнаўчы музей — адзін з цэнтраў турызму на Пастаўшчыне, сюды едуць жыхары розных абласцей Беларусі, а таксама расіяне, у першую чаргу хочацца, каб пра нашу ўстанову культуры даведалася як мага больш людзей, — дзялілася планамі работы на новай пасадзе Валянціна Друсь. — З гэтай мэтай збіраемся расшырыць актыўнасць у інтэрнэце — стварыць старонкі музея ў сацыяльных сетках. На іх будзем не толькі рэкламаваць свае мерапрыемствы, але і расказваць пра рэдкія і цікавыя экспанаты, рабіць віртуальныя экскурсіі, каб у людзей з’яўлялася жаданне да нас прыйсці. У падрыхтоўцы розных мерапрыемстваў і выстаў плануем пачаць супрацоўніцтва з музеямі суседніх раёнаў і абласцей, абменьвацца з імі вопытам работы. Больш увагі будзем удзяляць павышэнню кваліфікацыі супрацоўнікаў: праходзіць курсы, навучальныя семінары, самі праводзіць іх на сваёй базе.