З жартам па жыцці
1 красавіка ў канцэртнай зале Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза прайшоў раённы чэмпіянат па гульні КВЗ сярод школьных каманд «У будучыню з усмешкай».
Папулярная яшчэ з часоў Савецкага Саюза гульня, арганізаваў якую раённы цэнтр дзяцей і моладзі, сабрала самых вясёлых і знаходлівых навучэнцаў з 6 агульнаадукацыйных устаноў раёна: Варапаеўскай, Навасёлкаўскай імя А. А. Валодзькі, пастаўскай №2 імя Н. М. Асяненкі і Камайскай сярэдніх школ, Дунілавіцкай і Лынтупскай яслі-сад—сярэдніх школ. Па традыцыі, спачатку ўсе каманды прадставілі гледачам, запрасіўшы на сцэну, правялі жараб’ёўку і вызначылі парадак іх выступлення. Ну а далей пачалося самае цікавае — спаборніцтва ў гумары, арыгінальнасці, крэатыўнасці і артыстызме, якіх, як аказалася, юным КВЗшчыкам не пазычаць.
Гэта стала зразумела ўжо з першага конкурсу «Візітная картка». Кожная каманда па-свойму прэзентавала сябе. Навасёлкаўскія школьнікі пайменна прадставілі і трапна ахарактарызавалі ўсіх членаў зборнай. Лынтупчане расказалі пра сябе ў стылі рэп. Варапаеўцы зрабілі стаўку на своеасаблівы інтэрактыў: запісалі відэа з дырэктарам школы і спалучылі яго са сваім выступленнем на сцэне. «Фішкай» каманды СШ №2 сталі арыгінальныя танцы і «расшыфроўка» назвы «Сімпл-Дзімпл», якая гучала рэфрэнам на працягу ўсяго выступлення. Цікавымі знаходкамі вызначаліся «візіткі» і іншых зборных.
Яшчэ больш іскрамётным быў наступны конкурс — «Біятлон». Удзельнікі па чарзе «стралялі» загадзя падрыхтаванымі тэкставымі рэпрызамі і музычнымі жартамі «карапулямі», прымушаючы смяяцца ўсіх прысутных у зале. Пры гэтым пасля кожнага круга слабейшая каманда выбывала са спаборніцтва. На адным дыханні прайшло таксама дамашняе заданне «З жартам па жыцці». У ім у поўнай меры раскрыліся акцёрскія здольнасці навучэнцаў, якія прадставілі пастаноўкі на тэмы школьнага і вясковага жыцця, армейскай службы, сямейных узаемаадносін.
Як адзначыла пасля заканчэння гульні старшыня журы — дырэктар РЦДМ Валянціна Ромель, адноўлены ў раёне пасля доўгага перапынку чэмпіянат па КВЗ стаў сапраўдным святам маладосці, крэатыву і пазітыву, адкрыў нямала таленавітых школьнікаў. І гэта дае надзею на яго працяг у будучым. Што да звання чэмпіёна, то яго заваявала вельмі артыстычная і яркая зборная «Неяк так» Варапаеўскай СШ, якая ва ўсіх трох конкурсах набрала максімальную колькасць балаў. На 2-м месцы каманда «Сімпл-Дзімпл» СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, на 3-м — «Мажоры» з Лынтупскай ЯССШ. Пераможца і прызёры атрымалі дыпломы РЦДМ. Імі ўзнагароджаны таксама пераможцы ў асобных намінацыях: «Найлепшы акцёр» — Дзяніс Кузняцоў з Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі і «Найлепшая актрыса» — Дар’я Казловіч з Дунілавіцкай ЯССШ. Яшчэ адзін дыплом — за найлепшы жарт — дастаўся «мажорам».
Алена Шапавалава