Трое глубочан поделились с группой Анонимных Алкоголиков своим опытом борьбы с зависимостью

Общество

АА запрашае

10 красавіка ў будынку ля касцёла Святога Антонія Падуанскага ў Паставах адбылася сустрэча зацікаўленых жыхароў раёна з прастаўнікамі групы Ананімных Алкаголікаў з Глыбокага. На яе прыехалі трое глыбачан. Кожны з іх падзяліўся сваім вопытам выхаду з жыццёвага тупіка.

Трое глубочан поделились с группой Анонимных Алкоголиков своим опытом борьбы с зависимостью

Генадзь

«Добры дзень. Я алкаголік. Не п’ю шаснаццаты год. Працую псіхолагам у цэнтры дапамогі людзям, залежным ад алкаголю і наркотыкаў. Цэнтр называецца «Светач» і знаходзіцца ў Бягомлі. Ён дзейнічае ўжо пяць з паловай гадоў. У Паставах мы, прадстаўнікі цэнтра, не ўпершыню — шмат разоў былі тут па запрашэнні мясцовай улады. Неяк падчас прыезду ўзнікла думка адкрыць групу Ананімных Алкаголікаў у Паставах. Такія групы аб’ядноўваюць людзей, у якіх ёсць адно жаданне — пачаць жыць цвяроза, палепшыць якасць свайго жыцця.

Групы АА ствараюцца ва ўсім свеце з 1934 года. У Віцебскай вобласці яны дзейнічаюць у многіх гарадах, у тым ліку ў Глыбокім. Калі сёлета мы давалі сведчанні ў вашым касцёле, да нас падышоў ксёндз Чэслаў і сказаў: «Ну вось, скажам, прайшоў чалавек рэабілітацыю ў вашым цэнтры і пасля трох месяцаў вяртаецца дадому, у сваё пітушчае акружэнне. Што яму рабіць далей? У чалавека няма нікога, хто б яго падтрымаў…» І вось мы сабраліся ў Паставах і хочам дапамагчы арганізаваць такую групу. Прыйшоўшы на яе пасяджэнне, залежны ад алкаголю зможа падзяліцца сваёй праблемай. Такому чалавеку размова і падтрымка падобных да яго проста неабходныя. Алкаголіка зразумее толькі алкаголік. Самастойна пазбавіцца ад залежнасці немагчыма. Я спрабаваў шмат разоў — нічога не атрымалася.

Сярод нас ёсць і людзі, якія самі не ўжываюць спіртнога, але пакутуюць не менш за алкаголікаў, а можа, нават і больш. Гэта тыя, хто жыве з алкаголікамі. Іх называюць сузалежнымі. Яны не ведаюць, што рабіць, каб іх родны чалавек-алкаголік не піў. Напрыклад, мая мама то прасіла мяне па-добраму, каб я не піў, то сварылася на мяне, шукала розныя варыянты… Сузалежным людзям таксама патрэбна падтрымка. Таму мы можам прапанаць стварыць групу і для сузалежных».

Віктар

«Я алкаголік. Не ўжываю спіртнога ўжо 18 гадоў. Маё жыццё 18 гадоў таму — гэта кашмар, фільм жахаў. Я пакутаваў, і мае блізкія пакутавалі разам са мной. Даўгі, штрафы, міліцыя… Алкаголь — гэта было тое адзінае, што дапамагала мне адключыцца і забыцца. Усё Глыбокае ведала, што я алкаголік, толькі я не ведаў. Я проста піў, піў страшна. Аднойчы вясной пайшоў па каня, каб узараць соткі. Там мне паднеслі чарку — і паняслося… Ачуняў  толькі праз месяц, калі агароды былі пасаджаны. І такіх выпадкаў са мной было многа. Цяпер я аналізую: Бог мяне для чагосьці аберагаў, не даваў загінуць. Памятаю, неяк ішоў з сабутэльнікам і мы ўпалі ў лужу. Ён — тварам у ваду — і ўтапіўся. А мяне Бог паклаў так, што галава была не ў вадзе. І я жывы. У другі раз упаў на агароджу з вострымі прутамі — пруты нібы абнялі маю шыю, не прабілі маё цела. Значыць, я Яму патрэбен…

Поўнасцю згодны з Генадзем, што алкаголіка зразумее толькі такі ж, як ён. У Глыбокім мы збіраемся раз на тыдзень».

Дзмітрый

«Я піў з 17 да 37 гадоў. За гэты час умудрыўся скончыць ваенную акадэмію, 7 гадоў праслужыў. Меў званне, пасаду, сям’ю. Але пакрыху каціўся з горкі. Чым адрозніваецца залежны ад алкаголю ад незалежнага? Тым, што першаму для асалоды трэба паступова павялічваць дозу: спачатку 100, затым — 150, пазней — 200 грамаў… Для алкаголіка 50 грамаў многа, а бутэлькі потым ужо мала. Я страціў службу, сям’ю, таму што алкаголь — такі «растваральнік», які растварае ўсё: сям’ю, працу, адносіны з блізкімі. Галоўным для мяне было напіцца і забыцца. Заснуў з адной праблемай, а прачнуўся — з дзесяццю. Ні адзін нарколаг, ні адзін ксёндз не зразумее вас так, як той, хто сам прайшоў праз гэта пекла, калі і жыць не хочацца, і суіцыдальныя думкі круцяцца ў галаве, а ў некаторых нават бываюць спробы самагубства… Ведаю, як гэта невыносна балюча, калі ўсе адварочваюцца, а блізкія пілуюць. Што такое залежнасць? Вось, напрыклад, у цябе ёсць захапленні: грыбы, ягады, рыбалка, лес. І калі над усімі гэтымі захапленнямі бярэ верх адно захапленне — выпіць, то гэта ўжо залежнасць. Гэта трывожны сігнал, што трэба мяняць жыццё.

Рэабілітацыю праходзіў у Бягомлі ў 2017 годзе. Бывае, так накіпіць на душы, што трэба з некім падзяліцца набалелым. І група АА — выдатная для гэтага магчымасць.

Магу дакладна сказаць, што алкаголік — гэта далёка не заўсёды чалавек нямыты і няголены, які валяецца пад плотам. Залежным можа быць любы, нават рэспектабельны, чалавек. У кожнага ёсць права выбару. І кожны можа выбраць цвярозасць».

Аліна Латыш



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.