Для мадэлінгу ўзрост – не перашкода
«На пенсіі жыццё толькі пачынаецца», — упэўненыя наведвальніцы пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. У шматлікіх гуртках і клубах па інтарэсах яны спяваюць, танцуюць, вучацца шыць, рукадзельнічаць, правільна харчавацца, спасцігаюць асновы камп’ютарнай пісьменнасці і сакрэты агародніцтва… А нядаўна заняліся яшчэ і мадэлінгам, які выкладае жыхарка райцэнтра Святлана Рассохіна.
Пра Святлану Уладзіміраўну, якая закончыла анлайн-курсы па мадэлінгу, а потым удзельнічала ў Турцыі ў міжнародным конкурсе мадэляў ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў, «ПК» ужо расказваў на сваіх старонках. У сакавіку жанчыну запрасілі ў аддзяленне, куды прыехалі госці з Міёр, падзяліцца набытымі ведамі і ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе. Слухаючы яе, многія прысутныя на сустрэчы захацелі таксама навучыцца пазіраваць перад фотааб’ектывам і асвоіць мастацтва дэфіле, і кіраўніцтва аддзялення прапанавала пастаўчанцы правесці серыю заняткаў для жадаючых. З таго часу кожны панядзелак па вуліцы Савецкай праходзяць бясплатныя двухгадзінныя заняткі для прадстаўніц залатога ўзросту. Наведваюць іх 10 жанчын ад 49 да 76 гадоў. На адным пабывала і я.
Пачаўся ён з праверкі дамашняга задання. На папярэднім уроку Святлана Рассохіна загадала сваім вучаніцам сфатаграфаваць сябе ў розных асіметрычных позах, прымаць якія вучыла дагэтуль. Што атрымалася, разбірала індывідуальна з кожнай мадэллю. Жанчыны паказвалі фота на тэлефоне, а «настаўніца» ацэньвала іх, указваючы на памылкі і дэманструючы, як трэба было сесці або стаць перад камерай, каб выглядаць маладзей і схаваць некаторыя нюансы знешнасці. Затым вучаніцы па чарзе пазіравалі на фоне сцяны. У канцы майстар-класа педагог паказала, як правільна хадзіць па подыуме.
— Адпрацоўваць фотапазіраванне і дэфіле мы будзем і на наступных занятках, — расказвала пазней Святлана Рассохіна. — Таксама буду вучыць жанчын рабіць правільны макіяж для фотасесій, падбіраць адзенне. У ідэале хацелася б, каб яны змянілі не толькі гардэроб, але і прычоскі, пазбавіліся комплексаў адносна свайго ўзросту і знешнасці, сталі больш упэўненымі ў сабе. Спадзяюся, гэтаму пасадзейнічае конкурс мадэляў, які збіраюся арганізаваць пасля заканчэння майстар-класа. На ім жанчыны прадэманструюць усё, чаму навучыліся. У планах зрабіць для аддзялення і стэнд з іх фотаздымкамі.
Падзяліліся сваімі меркаваннямі адносна майстар-класа і мадэлі.
— Мне падабаецца вучыцца чамусьці новаму. Гэта цікава, карысна для агульнага развіцця. Па сваёй натуры я актыўны чалавек. Аддзяленне наведваю з моманту яго адкрыцця і прымаю ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, — гаварыла Людміла Нусіна.
— У жыцці трэба ўсё паспрабаваць, — згодная з ёй Ніна Торапава. — І чаму б не заняцца мадэлінгам? Можна зрабіць прыгожыя фотаздымкі, а потым змясціць іх на сваёй старонцы ў «Аднакласніках».
9 з 10 жанчын, якія ходзяць на майстар-клас, пенсіянеркі і жывуць у Паставах. Адна з іх, Наталія Сцегніенка, працуе загадчыцай Навасёлкаўскага цэнтра культуры і спецыяльна прыязджае на заняткі з аграгарадка.
— Раней я была худзенькая, але з гадамі набрала лішніх кілаграмаў. Пачуўшы пра майстар-класы па мадэлінгу, вырашыла навучыцца працаваць са сваім целам, каб было камфортна з ім жыць, — прызналася яна.
Дарэчы, Святлана Рассохіна гатова ўзяць да сябе ў групу і іншых жанчын пенсійнага або перадпенсійнага ўзросту. Таму прыходзьце і вучыцеся любіць сябе.
Алена Шапавалава