Разам зробім парк чысцей
У рамках штогадовай акцыі «Тыдзень лесу», якая сёлета праходзіць з 9 па 16 красавіка, работнікі Варапаеўскага сельскага Савета разам з самым актыўным школьным атрадам БРСМ ачысцілі ад смецця тэрыторыю мясцовага парку.
Дзевяцікласнікі не змаглі застацца ўбаку і з энтузіязмам адгукнуліся на прапанову сельвыканкама акультурыць месца адпачынку жыхароў пасёлка. На працягу мінулых зімовых і вясновых месяцаў неаднойчы валадарыў моцны вецер, пакінуўшы пасля сябе процьму паламаных галінак. Хлопчыкі дружна зносілі іх у кучкі, якія потым дарослыя вывезуць на сметнік. Вакол размешчаных ў парку кантэйнераў таксама патрабавалася ўборка. Дзяўчаты, прыхапіўшы з сабой мяшкі для смецця, выдатна пашчыравалі. За некалькі гадзін стараннай працы парк значна пачысцеў.
Аднак на гэтым работа ў ім не скончылася. На 29 красавіка запланавана ўборка мінулагодняга лісця. Як звычайна, актыўны ўдзел у ёй прымуць школьнікі і арганізацыі. Запрашаюцца і нераўнадушныя жыхары, якія хочуць унесці свой уклад у агульную справу.
Святлана Шафаровіч
Фота Юліі Гваздзеўскай