Пастаўчане на выставе
Сувеніры ручной работы на велікодную тэму можна было набыць на выставе-кірамашы, якая напярэдадні праваслаўнага Уваскрэсення Хрыстова прайшла ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
Удзел у ёй прынялі і прадстаўнікі Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
—Да выставы мы дасканала падрыхтаваліся, — расказвала дырэктар ТЦСАН Марыя Ракоўская. — Загадзя прадумалі, што прапануем наведвальнікам кірмашу. Зрабілі эскізы, падабралі матэрыял. Врабам сувенірнай прадукцыі на велікодную тэму займаліся наведвальнікі дзённых аддзяленняў для пажылых, а таксама інвалідаў з дапамогай кіраўнікоў гурткоў і спецыялістаў нашага цэнтра. Удзячная ім за фантазію, карпатлівую работу. Дзякуючы іх таленту мы змаглі годна прадставіць наш тэрытарыяльны цэнтр на выставе такога высокага ўзроўню.
Акрамя Марыі Ракоўскай, выставу наведалі загадчыца аддзялення для інвалідаў Вольга Гінько, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Наталля Койра і кіраўнік гуртка Кацярына Янушонак. Яны прадстаўлялі і рэалізоўвалі дэкаратыўныя яйкі, сімвалічных велікодных зайчыкаў, мяккія цацкі, шкатулкі. Асаблівым попытам карысталіся кошыкі для асвячэння кулічоў.
Пакупнікамі сувеніраў былі ў асноўным работнікі Міністэрства і тыя, хто заходзіў сюды па справах. Наведала выставу і міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч. Яна адзначыла высокую актыўнасць работнікаў сацыяльнай службы Віцебшчыны і арыгінальнасць вырабаў.
—Удзел у выставеу-кірмашы — выдатная магчымасць для рэалізацыі прадукцыі і папаўнення пазабюджэтнага рахунка, — гаварыла Вольга Гінько. — Мы паглядзелі на прэзентацыі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з іншых раёнаў, штосьці пачэрпнулі для сябе. Вярнуліся з мноствам пазітыўных эмоцый і новых ідэй.
Анна Анішкевіч
Фота дастана ТЦСАН