На пасяўным канвееры – даўгунец
Згодна з планам, лён трэба пасеяць амаль на 2 000 гектараў
З дырэктарам ільнозавода Алёнай Юрынёнак едзем у Сяргеевічы, дзе насенне лёну загортваюць у глебу на апошніх гектарах. А першыя засеяны каля Мышак. Тут глеба ў асноўным пясчаная, таму на ёй і распачалі льняны сезон. Алёна Дзмітрыеўна па тэлефоне ўзгадняе пытанні па адгрузцы валакна, набыцці насення, якога не хапае, мантажы новай лінііі перапрацоўкі льнотрасты, манеўраванні тэхнікі з аднаго поля на іншае.

— Паколькі для лёну малапрыгодная гліністая і цяжкагліністая глеба, падабраць у нашым раёне неабходную колькасць гектараў вельмі складана, — расказвала дырэктар. — У сувязі з гэтым палова нашай сыравіннай плошчы знаходзіцца ў Браслаўскім раёне, палова — на Пастаўшчыне. Акрамя таго, часты пасеў лёну на адным полі выклікае развіццё шкоднай для гэтай культуры мікрафлоры, якая негатыўна адбіваецца на ўраджайнасці і якасці прадукцыі. Таму рэкамендавана сеяць лён на адным і тым жа ўчастку не часцей чым праз 6 гадоў. Аб’ёмы пасеваў звычайна вызначаюцца з восені. На адведзеных пад лён участках уносяцца гліфасаты і ўдабрэнні, праводзіцца зяблевае ворыва.

У нашым раёне льнозавадчане гаспадараць на палях каля Казнадзеюшак, Шчотак, Сяргеевіч, Юнек. Пасля абследавання пасеваў азімага рапсу сельгаспрадпрыемстваў і выяўлення месцаў яго гібелі льнозаводу аддадзена 150 гектараў зямлі каля Ліпнікаў, Логавінцаў, Сяргеевіч. На іх цяпер дадаткова ўносяць удабрэнні і рыхтуюць глебу да сяўбы. Гэтай работай каля Ліпнікаў на энерганасычаным трактары з КШП-10 займаўся Дзмітрый Скурацёнак. Механізатары Ігар Бужэра і Ігар Аношка ўносілі мінеральныя ўдабрэнні. Падвозіць іх Грыгорый Трушкін. У полі і навучэнец Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Ягор Пупкевіч. Хлопец заканчвае вучобу і прызнаецца, што вытворчая практыка на заводзе дадала практычных ведаў.
Каля Сяргеевіч на трактарах з 6-метровымі сеялкамі рупяцца Аляксандр Аліноўскі і Віктар Ганчар. У абодвух багаты вопыт. Алёна Юрынёнак разам з імі праходзіць па полі, правярае глыбіню загортвання насення, абмяркоўвае надвор’е на найбліжэйшыя дні. Сіноптыкі прагназуюць дажджы. А значыць, работа ў полі спыніцца. Таму дырэктар просіць прадукцыйна працаваць увесь светлавы дзень.


Пераязджаем на поле ў напрамку Калітаў. Тут сустракаем агранома Івана Буяна. На трактарах з 3-метровымі сеялкамі працуюць Сяргей Студзянкоў і Уладзімір Татарэнка. Апошні шчыруе на заводзе менш за год. Да гэтага працаваў вадзіцелем на міжнародных перавозках. Па сямейных абставінах быў вымушаны змяніць прафесію. У новым калектыве ўжо асвоіўся. Работа ў абодвух механізатараў спорыцца.
Паралельна з сяўбой прадаўжаецца перапрацоўка леташняй трасты. Попыт на валакно ёсць. На прадпрыемстве праведзены дэмантаж старой лініі па выпуску валакна. Ужо завезена новае абсталяванне для дзвюх ліній па выпуску доўгага валакна і для адной — кароткага, заключаны дагавор з генпадрадчыкам. Цяпер вядуцца будаўнічыя работы. На рэалізацыю гэтага праекта аблвыканкамам выдзелена 1 млн 400 тыс. рублёў. Дырэктар і работнікі завода ўскладваюць вялікія надзеі на новае абсталяванне. Але, каб яго загрузіць на ўсю магутнасць, трэба своечасова і якасна пасеяць даўгунец. Таму і стараюцца.
Анна Анішкевіч