Разам спадручней слоган партала «Мая рэспубліка» 115.бел.
Рэсурс дапамагае вырашаць разнапланавыя пытанні, якія датычаць сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Падаць заяўку можа жыхар любога населенага пункта нашай краіны.
Спектр разглядаемых праблем шырокі: недахопы ў добраўпарадкаванні, абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, у водазабеспячэнні ці тэхнічным абслугоўванні будынкаў, нездавальняючы стан дарог і інш. Словам, папярэдзіць можна пра любы недахоп, які заўважыце, — ад ям на асфальце да перапоўненых кантэйнераў са смеццем. Выключэнне складаюць аварыйныя сітуацыі. Паколькі яны патрабуюць неадкладнага рэагавання, то тэлефанаваць неабходна на нумар экстраннай службы.
Як «прасігналізаваць» пра праблему? Найперш неабходна зарэгістравацца на рэсурсе альбо спампаваць на тэлефон мабільны дадатак «Мая рэспубліка» 115.бел і таксама зарэгістравацца. Тэкст паведамлення павінен складаць не больш за 1 000 знакаў (з прабеламі), не ўтрымліваць ненарматыўнай лексікі і незразумелых скарачэнняў. Гэта не можа быць падзяка альбо просьба асабістага характару. Указвайце канкрэтны факт і дакладныя каардынаты. Скажам, калі на лесвічнай пляцоўцы шматпавярхоўкі перагарэла лямпачка, то аднаго адраса дома недастаткова — неабходна паведаміць і нумар пад’езда. Асабліва ўважлівымі ў гэтым сэнсе неабходна быць карыстальнікам мабільнага дадатка: з дапамогай GPS ваша месцазнаходжанне вызначаецца аўтаматычна. Мінус у тым, што людзі не заўсёды адпраўляюць паведамленне з «месца падзеі». Таксама не дазваляецца адпраўляць больш за 20 заявак за суткі. Ёсць абмежаванні і па фотаздымках. Па-першае, на іх не павінна быць людзей, па-другое, адну заяўку можна праілюстраваць не больш чым трыма фота.
Як гэта працуе? Атрыманую заяўку ў залежнасці ад віду работ мадэратар накіроўвае выканаўцу, а ўжо той прымае па ёй рашэнне. На гэта адводзіцца 24 гадзіны. Пра ўсе этапы работы над заяўкай вам будуць высылацца паведамленні і нават фотасправаздача. Зробленаму можна даць ацэнку. А ўвогуле рэсурс вельмі карысны: можна атрымаць інфармацыю пра планавае адключэнне жыллёва-камунальных паслуг па абраным адрасе, з дапамогай карты на сайце паглядзець, дзе і якія звароты былі выкананы. Толькі за сакавік на 115.бел паступіла 200 155 зваротаў, 160 з іх — з Пастаўскага раёна.
Вераніка Філановіч
Фота Наталлі Налей