У апошні час з паліц некаторых магазінаў горада пачала знікаць прадукцыя Пастаўскага малочнага завода, якой раней хапала. У прыватнасці, зайшоўшы неяк у «Суседзі», я не ўбачыла там малака, смятаны і кефіру мясцовага вытворцы. У наступны раз не знайшла іх у магазіне «Прадукты» па вуліцы Юбілейнай. Да таго ж пасля Новага года цэны на пастаўскую малочку падраслі, а тлустасць асобных яе відаў знізілася.
Патлумачыць сітуацыю я папрасіла намесніка дырэктара ААТ «Пастаўскі малочны завод» Георгія Касцяня. Вось што ён расказаў:
— Сёння прадукцыя нашага прадпрыемства вельмі запатрабаваная. Пры вытворчай магутнасці па малаку 24 тоны ў суткі заявак паступае на 32—34 тоны. У сувязі з гэтым некаторыя заяўкі мы вымушаны «абразаць». У першую чаргу змяншаем ці спыняем пастаўкі тым кліентам, якія не плацяць. Так было з магазінам «Суседзі», які некаторы час не разлічваўся за пастаўленую намі прадукцыю, з-за чаго ўтварылася пратэрмінаваная запазычанасць. Маецца яна і ў Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства. Але ў дадзеным выпадку мы скарацілі аб’ёмы паставак толькі ў магазіны горада. Сельскія па-ранейшаму забяспечваем на 100%, бо не можам абдзяліць вяскоўцаў, якія вырабляюць малако і здаюць яго нам.
Што датычыць змянення тлустасці і павышэння цэн. За перыяд са снежня 2020 года па студзень 2022-га кошт сыравіны, якую закупляе завод, павялічыўся на 25%. На 11% ён вырас летась, на 14% — сёлета ў сувязі з прынятым Віцебскім аблвыканкамам распараджэннем аб павышэнні закупачных цэн на малако. А сыравіна ў малочнай прадукцыі складае ад 75 да 80% яе сабекошту. Акрамя таго, у мінулым годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №100 у краіне абмежавалі рост індэкса цэн. У адпаведнасці з гэтым дакументам і іншымі падзаконнымі актамі, летась мы змаглі падняць адпускную цану на сваю прадукцыю ўсяго на 3—5,5% у залежнасці ад яе віду. Каля 2% рэнтабельнасці «ўкралі» QR-коды, якія ў 2021-м сталі наносіць на ўсю прадукцыю. Рашэнне аб абавязковай маркіроўцы было прынята на міждзяржаўным узроўні — Еўразійскім эканамічным саюзам, каб выключыць магчымасць фальсіфікацыі тавараў. Для друку і наклейкі марак — а адна марка каштуе 1,7 капейкі — мы купілі абсталяванне на суму больш чым 1 мільён рублёў. З’явіліся таксама дадатковыя расходы на матэрыялы для друку. У выніку рэнтабельнасць малака, якая была 7-8%, у снежні стала мінусавой.
Зразумела, працаваць са стратамі прадпрыемства не можа, гэта прывядзе да яго закрыцця. Таму ў канцы 2021 года намі было прынята рашэнне распрацаваць новыя віды прадукцыі, змяніўшы тлустасць. Так, замест малака і кефіру тлустасцю 3,2% і 1,5% завод пачаў выпускаць іх з утрыманнем тлучшу 3,0% і 1,6%. Замест 15- і 20-працэнтнай смятаны — 16- і 18-працэнтную. З 20% да 18% зменшылася і тлустасць вяршкоў. Быў сфарміраваны новы сабекошт і, адпаведна, новая цана вырабаў з рэнтабельнасцю каля 7-8% для таго, каб можна было далей неяк жыць і развівацца.
Але сёння з-за сітуацыі на валютным рынку рэнтабельнасць і гэтай прадукцыі ўжо імкнецца да нуля, бо большасць кампанентаў (закваскі для смятаны, упакоўка пюр-пак і іншыя) падаражэла на 15—20%, а некаторыя — да 100%. У сувязі з ростам цэн на паліва павялічваюцца таксама транспартныя выдаткі. Адзінае, што пакуль крыху дапамагае, — гэта даход ад экспарту. Ён у некаторай ступені дазваляе пераразмеркаваць выдаткі і трымаць цяперашнія цэны. Але, калі будуць праблемы з курсам расійскага рубля або з цэнамі на экспартным рынку, я не выключаю далейшага падаражэння нашай прадукцыі.
Алена Шапавалава