Лілася музыка з-пад струн і клавіш
Даведацца, нацыянальнымі інструментамі якіх краін з’яўляюцца гітара, мандаліна, бандура, цымбалы, па некалькіх нотах угадаць, на якім музычным інструменце выконваецца мелодыя, можна было падчас музычнай гасцёўні, зладжанай у раённым Доме культуры.
— Раней на такія мерапрыемствы ў якасці выступоўцаў мы запрашалі таленавітую моладзь, — гаварыла дырэктар установы Ала Чарнюк. — На гэты раз нашы госці — вучні малодшых і сярэдніх класаў, якія займаюцца ў школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза і навасёлкаўскім філіяле Варапаеўскай школы мастацтваў імя І. Сушко. Усе яны апантаныя музыкай.
Імя Гардзея Кірплюка добра вядомае пастаўчанам. Хлопчык цудоўна грае на цымбалах. У школе мастацтваў займаецца чацвёрты год. За гэты час удзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх конкурсах і заваёўваў на іх дыпломы II—III ступеняў. Гардзей — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Для прысутных ён выканаў на цымбалах «Белавежскую пушчу».
Самая вядомая са струнных смычковых інструментаў — скрыпка. У гасцёўні на ёй сыграла навучэнка ДШМ імя А. Тызенгаўза Кацярына Антух. З VI адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў на аркестравых інструментах імя М. Агінскага дзяўчына вярнулася дыпламантам у намінацыі «Скрыпка». Каця таксама захапляецца вакалам і на IV адкрытым рэспубліканскім конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці «Зажги свою звезду» атрымала дыплом лаўрэата III ступені.
Музычны інструмент, на якім іграюць удзельнікі ансамбля «Старадворскія лыжкары», у руках трымаў кожны з нас. Але так віртуозна лыжкамі валодаюць толькі выхаванцы выкладчыцы навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко Алены Залатускай.
Косця Шыдлоўскі ва ўзорным духавым аркестры грае на трубе. У сакавіку бягучага года на абласным конкурсе духавых і ўдарных інструментаў заняў 1-е месца ў намінацыі «Труба». Як расказваў, на перамогу не разлічваў, бо гэта было першае выступленне на такім узроўні. Для гледачоў гасцёўні Косця выканаў «Замок Радзивилла».
Яна ўмее плакаць і смяяцца, утварае пяшчотныя і запальныя мелодыі, напаўняе сэрца спакоем. Усё гэта пра трохструнны сімвал рускага народа — балалайку. А як цудоўна яна гучыць у руках навучэнца дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Дзімы Літоўца!
Затое ў акардэона мноства розных клавіш, кнопачак, рычажкоў… І толькі дзівішся, як спрытна перабіраюць іх пальчыкі акардэаністаў Германа Кухальскага і Арцёма Бялова. Гэты інструмент увабраў у сябе гукавую палітру фагота, флейты, кларнета, аргана.
Яшчэ адзін музычны інструмент, з якім пазнаёміліся госці мерапрыемства, — флейта. На ёй сыграла ўдзельніца ўзорнага духавога аркестра Сняжана Бучэль. Гукі флейты напамінаюць спевы птушак, зачароўваюць.
Многія лічаць, што народная музыка адыходзіць у нябыт, што яе любяць і выконваюць толькі людзі пажылога ўзросту. Юныя ўдзельнікі ансамбля «Арт-тоніка» навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай ДШМ пад кіраўніцтвам выкладчыцы Людмілы Счаснай пераканалі ў адваротным. Яны так весела гралі на баянах, ударных інструментах, што гледачам хацелася пусціцца ў скокі. А галасістыя салісткі гэтай школы Насця Батура і Васіліса Валабуева «сарвалі» самыя гучны апладысменты.
Сваім выступленнем пакарылі гледачоў і ўдзельніцы ўзорнай цыркавой студыі «Каскад» Яна Зуева і Ліза Хмяльніцкая.
Анна Анішкевіч