Іх дзяцінства прайшло ў Шчотках. Бацькі працавалі на ферме, а дзеці (у сясцёр яшчэ ёсць сярэдні брат Андрэй) былі ў адказе за парадак дома, выконвалі розныя абавязкі па гаспадарцы, у агародзе.
— Мы ладзілі і спрачаліся, сапернічалі і ў той жа час падтрымлівалі адна адну, — расказвала Іна. — Мне споўнілася 10 гадоў, калі бабуля ўгаварыла маму з татам пераехаць у Хацілы. На дварэ стаяў красавік. Да канца навучальнага года — амаль два месяцы. І нас пакінулі жыць у бабулінай сястры і заканчваць школу ў Казлоўшчыне. Бацькоў з іх вялікай гаспадаркай у Хацілах прыняла маміна стрыечная сястра Галіна Малец.
Пакуль для прыезджых гаспадарка ўзводзіла дом, амаль паўгода дзве сям’і жылі пад адным дахам. І ніколі не ўзнікала ніякіх непаразуменняў. Узаемавыручка ў вялікай радні перадаецца з пакалення ў пакаленне. А з узростам гэта пачуццё толькі мацнее. Марына і Іна закончылі школу, прафтэхкаледж і вярнуліся ў бацькоўскі дом. Бацькі даглядалі цялят, дочкі працавалі аператарамі машыннага даення.
Марына выйшла замуж у Лучай і абуладкавалася там. На мясцовай ферме ёй даверылі самы адказны ўчастак — раздой першацёлак. Праз 12 гадоў, каб быць побач з роднымі, вярнулася з сям’ёй у ААТ «Хацілы-агра». Яе адразу прынялі падменнай даяркай. А пазней зноў доўгі час займалася раздоем. Прывучыць маладую карову да дойкі няпроста: патрэбны сіла, цярпенне, вынослівасць. У Марыны атрымлівалася выдатна. Доўгі час сёстры шчыравалі на розных фермах, а калі ўвялі ў эксплуатацыю рабатызаваную ў Волахах, перайшлі туды. У жывёлагадоўлі працуюць і мужы Іны і Марыны.
Умовы працы на новым комплексе карэнным чынам адрозніваюцца ад тых, якія на старых фермах. Кароў дояць робаты, але за камп’ютарамі сачыць трэба пільна. Даенне кругласутачнае. Змена аператара доўжыцца 12 гадзін. Нягледзячы на тое, што практычна ўсе працэсы механізаваныя, хапае спраў і работнікам фермы.
— Добрыя вынікі — заслуга ўсяго калектыву, — гаварылі сёстры. — Жывёлагадоўля — гэта тая галіна, дзе ўсё ўзаемазвязана. Кармоў у нашай гаспадарцы пастаянна ўдосталь, яны высокай якасці, своечасова і якасна праводзіцца асемяненне кароў. Таму і сярэдні надой ад кожнай за мінулы год склаў 8 520 кілаграмаў.
Сёстры працуюць у розныя змены. Для іх гэта было асабліва зручна, калі на сваіх падвор’ях абедзве трымалі шмат жыўнасці. Пакуль адна на рабоце, другая даіла і сваіх кароў, і сястры. Даходы ад уласнай гаспадаркі дапамагалі падымаць на ногі дзяцей. У Іны іх чацвёра. Усе атрымалі спецыяльнасці і ўжо самастойныя. У Марыны старэйшы сын і дачка маюць сем’і, падрастаюць пяцёра ўнукаў, малодшы сын праходзіць тэрміновую службу ў пагранічных войсках. Дзеці, як і іх бацькі, працавітыя, на добрым рахунку ў сваіх калектывах.
Анна Анішкевіч