Долгожительница Мария Даниловна Чернявская из д. Сороки отметила 90-летний юбилей

Общество

Няхай збываюцца пажаданні

Набліжаўся 90-гадовы юбілей, і Марыя Данілаўна Чарняўская з вёскі Сарокі Валкоўскага сельсавета замаркоцілася: наўрад ці хто прыедзе да яе ў такі значны дзень. Сын і дарослая ўнучка жывуць ажно ў Петрапаўлаўску-Камчацкім, другая ўнучка — у Санкт-Пецярбургу, два ўнукі — пад Мінскам і на Брэстчыне. Вядома, яны намнога бліжэй, чым камчацкія. Але ў кожнага свае сем’і і клопаты. Да таго ж юбілейная дата прыпадае на будны дзень.

Калі пазваніў унук Сяргей і запэўніў, што абавязкова прыедзе, крыху павесялела. А вось тое, што ў юбілей да яе завітаюць зусім нечаканыя госці, імянінніца нават уявіць не магла. А яны з’явіліся — прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённага савета ветэранаў, Валкоўскага сельвыканкама, валанцёры. З кветкамі, сціплымі падарункамі, цёплымі віншаваннямі. І хата адразу напоўнілася гамонкай, а вочы гаспадыні — радасцю.

Долгожительница Мария Даниловна Чернявская из д. Сороки отметила 90-летний юбилей
Юбілярцы ёсць што паказаць супрацоўніцы ТЦСАН Ганне Хромчанцы і старшыні Валкоўскага сельвыкан-кама Таісе Баторы

— А раскажыце, калі ласка, пра сваё жыццё і працу, — папрасілі госці Марыю Данілаўну пасля віншаванняў.

— Працай і жыла змалку да глыбокай старасці, — адказала яна, паказваючы шматлікія граматы, значкі ўдарніка пяцігодкі, імянны ручны гадзіннік, свае фотаздымкі, што заносіліся на калгасную Дошку гонару.

43 гады даіла калгасных кароў. А якая механізацыя была ў той час на фермах? Увесь цяжар клаўся на рукі жывёлаводаў. Прыходзіла з работы дадому — трэба дагле­дзець дзяцей (іх у сям’і было трое), управіцца з агародамі, жыўнасцю на падвор’і. А яшчэ — пашыць абновы не толькі для сваёй сям’і, але і для вяскоўцаў. Дарэчы, звярніце ўвагу на здымкі. На іх імянінніца ва ўборы, які пашыла і вышыла сваімі рукамі.

Долгожительница Мария Даниловна Чернявская из д. Сороки отметила 90-летний юбилей

— І за плуг наша бабуля стала 12- гадовай дзяўчынкай, — дзеліцца ўнук Сяргей. — Яна расла без бацькі. І вось маці зламала руку, а трэба было араць, баранаваць, садзіць… А бачылі б вы, як касіла! Бывала, станем у пракосы я, тата і бабуля, дык яна нам пяткі «падразала». Нават біць касу навучылася.

— Здароўе і сілу мела, таму і спраўлялася з рознай работай, — канстатуе сама жанчына. — У бальніцы я толькі дзяцей нараджала, а на лячэнні не ляжала ніколі. Цяпер, канешне, ужо рукі, ногі баляць, горш чую, але ўсё роўна абыходжуся без бальніцы.

Долгожительница Мария Даниловна Чернявская из д. Сороки отметила 90-летний юбилей

А колькі гора яна перанесла! У 50-гадовым узросце памерла дачка Тамара, якая жыла ў Петрапаўлаўску-Камчацкім. Год назад не стала сына Віктара, які жыў з сям’ёй у в. Парыж, што за некалькі кіламетраў ад Сарок. З траіх дзяцей застаўся толькі Генадзь. Ён закончыў Калінінградскае мараходнае вучылішча, і яго стыхія — мора. З’яўляўся капітанам рыбалавецкага судна, зараз — грузавога. Прыляцець на юбілей не паспеў, бо быў у моры. Але паведаміў, што ўжо ўзяў білет на самалёт.

— Найчасцей да мяне наведваецца і шмат у чым дапамагае ўнук Сярожка. А яшчэ ў мяне ёсць Алёнка (Алена Жалянцова — сацыяльны работнік — аўт.), — гаварыла юбілярка і прасіла мяне: — Абавязкова напішыце ў газеце, якая яна шчырая, старанная, працавітая. Я вельмі ўдзячная ёй за дапамогу.

Долгожительница Мария Даниловна Чернявская из д. Сороки отметила 90-летний юбилей

Гасцінная Марыя Данілаўна не адпусціла нас з хаты без чаявання. «Я ўжо адправіў фотаздымкі ў Петрапаўлаўск-Камчацкі і ў Польшчу», — сказаў мне тым часам Сяргей. «А ў Польшчу каму?» — пацікавілася. І пачула пра яшчэ адну драматычную старонку жыцця юбіляркі. Бацьку Марыі ў 1939 годзе прызвалі ў Войска Польскае. Пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны ён застаўся ў Польшчы. Паведаміў жонцы, што пры дапамозе Чырвонага Крыжа забярэ туды і яе з дачушкай. Але цешча распарадзілася інакш — напісала зяцю, што яго жонка памерла. А дзяўчынку яму не аддадуць — выхаваюць самі. Толькі праз 20 гадоў Даніла стварыў у Польшчы другую сям’ю. У ёй нарадзіліся два хлопчыкі: Мар’ян і Генрых. Выраслі і адшукалі ў Беларусі сваю зводную сястру. Пісалі ёй, прысылалі падарункі, нават прыязджалі ў госці. (Бацьку яна бачыла толькі на фотаздымках.) Мар’яна ўжо няма ў жывых. А Генрых не забыўся пра Марыін юбілей.

Такім чынам, віншаванні з 90-годдзем атрымаліся міжнароднымі. То няхай жа збываюцца ўсе найлепшыя пажаданні, выказаныя ў адрас юбіляркі.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.