На полі пры дарозе з Пастаў на Глыбокае каля вёскі Пераслега звярнула ўвагу на некалькі адзінак тэхнікі. Спынілася, каб пазнаёміцца з хлебаробамі. Механізатар Дзмітрый Лысёнак толькі што закончыў падрыхтоўку глебы і збіраўся пераязджаць на іншы ўчастак. Вадзіцель Віктар Врублеўскі з загрузчыкам даставіў сюды насенне ячменю і чакаў прыезду сеялкі. Леанід Насыр з малочнага завода да гэтага некалькі дзён засяваў палі ў Сяргеевічах, цяпер пераехаў да Пераслегі. Прывітаўшыся з мясцовымі, Леанід найперш пацікавіўся фронтам работы.
— Неўзабаве пад’едзе галоўны аграном Юлія Жуперка, яна дакладна ўсё растлумачыць, — гаварыў Дзмітрый Лысёнак. — Мясцовасць у нас гарыстая, палі — дробнаконтурныя. На іх не разгонішся, а падрыхтаваць да сяўбы і засеяць трэба.
Вялікую дапамогу «Дунілавічам-агра» на сельгасработах аказвае малочны завод. Яго механізатары Анатолій Пронька, Віктар Чарняўскі і Уладзімір Гінько вядуць тут веснавое ворыва.
— Нам даводзіцца працаваць ва ўсіх гаспадарках, якія ўваходзяць у аграаб’яднанне, — расказвалі. — Дунілавіцкія землі пясчаныя, глеба хутка прасыхае, таму адзін цыкл работ без прамаруджання павінен змяняць другі. Толькі што паабедалі. Кормяць смачна, сытныя і падвячоркі. Ад завода адпраўляемся рана, працуем дапазна. Вясна — такі час, калі не да адпачынку.
— Работа на палетках кіпіць, — гаварыў дырэктар сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка. — Ворыва і культывацыя глебы, унясенне арганікі і мінеральных удабрэнняў, сяўба яравых культур — спраў хоць адбаўляй. У гаспадарцы даволі востра стаіць праблема кадраў — рабочых рук не хапае. Ды і тэхніка старая. Без дапамогі малочнага завода з палявымі работамі не справіліся б. Удзячныя кіраўніцтву і механізатарам, якія рупяцца на нашых палях.
Анна Анішкевіч