Клапоцяцца пра наш камфорт
Ва ўсіх на слыху тэма сезоннага навядзення парадку на зямлі. Ужо адбыўся раённы суботнік. На гэтым тыдні запланавана правядзенне рэспубліканскага. Працягваецца месячнік па добраўпарадкаванні, саначыстцы і азеляненні населеных пунктаў раёна. Ва ўборцы і ў акультурванні вуліц горада і вёсак, уласных земляўладанняў павінны быць задзейнічаны ўсе без выключэння. Але першую скрыпку ў добраўпарадкаванні Пастаўшчыны граюць усё ж такі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна. Планаў на вясну шмат. Ужо 2 новыя аўтобусныя прыпынкі з’явіліся па вуліцы Кляра. Схавацца ад дажджу альбо проста пасядзець на лаўцы тут могуць навучэнцы СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, якія вяртаюцца дахаты пасля ўрокаў.
— Абапал праезнай часткі па вуліцы Чырвонаармейскай працягнем устанаўліваць металаштыкетнік, — паведаміў намеснік дырэктара УП ЖКГ Сяргей Пляшкун. — Сучасная агароджа з’явіцца ад завода «Паставымэбля» да школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Па іншых цэнтральных вуліцах райцэнтра прыгодныя платы пафарбуем, паламаныя — адрамантуем. Абновім агароджу і вакол могілак па Ціхай. Зараз закупліваем матэрыялы для замены тратуару і бардзюраў па левым баку вуліцы 17 Верасня. Новыя барты і тратуарная плітка будуць укладзены да павароту на Заводскую.
Зараз жа камунальнікі актыўна падразаюць сукі дрэў, фарміруюць кароны, вывозяць смецце з кантэйнерных пляцовак. Вясной, як і восенню, па словах Сяргея Часлававіча, яго аб’ём узрастае ў 2-3 разы. Людзі выкідваюць яловыя лапкі, якімі на зіму ўкрывалі кветкі, галлё, мінулагодняе лісце і г.д. Таксама стараннямі работнікаў УП ЖКГ за кінавідэазалай на плошчы Леніна ў райцэнтры з’явіцца грамадскі туалет кантэйнернага тыпу. А як пацяплее — пачнуць рабіць разметку дарог, фарбаваць бардзюры.
Вераніка Філановіч