Больш за 150 гектараў у дзень засяваюць зерневымі хлебаробы ААТ «Камайскі-агра»
— А набраць тэмпы не маглі доўга, — расказвала галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аксана Касякова. — З-за пераўвільготненасці глебы складана было падабраць участкі, на якіх ішла б тэхніка. Сеялі выбарачна адной сеялкай. Хаця добра разумелі: калі не ўкладзёмся ў аптымальныя тэрміны — недабяром ураджаю, а значыць, недалічымся фінансавых сродкаў. Паступова глеба падсыхала і пасяўная разгортвалася.
У сераду вопытныя знаўцы земляробскай справы Іосіф Гайлюн, Іван Яркоўскі, Валерый Руткоўскі і Вадзім Дуброўскі на палях каля Мацковіч, Цябутаў, Варкацішак і Мумішак сеялі ячмень і авёс. Генадзій Шушкевіч з малочнага завода на энерганасычаным трактары «Беларус» у счэпцы з камбінаваным пасяўным агрэгатам «Бярэсце» — рапс. Аб’ём пасеянага за дзень залежыць ад многіх фактараў: плошчы ўчастка, надвор’я (калі былі замаразкі — чакалі, пакуль зямля прагрэецца), колькасці пераездаў з поля на поле. За дзень засяваюць у сярэднім 35 гектараў кожны.
Пакуль адны сеюць, другія падсяваюць шматгадовыя травы, трэція вядуць ворыва, чацвёртыя рыхтуюць глебу да сяўбы, пятыя падкормліваюць пасевы, шостыя збіраюць камяні…
З галоўным аграномам едзем да Вадзіма Дуброўскага, які загортвае ў глебу насенне аўса. Уздоўж дарогі поле нібы ўсыпана камянямі. На гэтым месцы ў свой час была ферма. Яе разабралі, а камяні ад фундамента закапалі ў зямлю. Поле засяваецца не першы год, але пасля кожнага ўзворвання, культывавання яны выварочваюцца на паверхню. Шмат камянёў і там, дзе некалі стаялі жылыя дамы. Вёскі аджылі сваё, пакінутыя дамы знеслі, поле засеялі, а камяні засталіся. Збіраць іх не ўпраўляюцца, таму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства папрасіла дапамогі ва ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама. Яно арганізавала людзей, і тыя цяпер займаюцца падборам камянёў. На трактары з прычэпам тут працуе Руслан Кірплюк. А Віктар Сінкевіч прэс-падборшчыкам за змену вывозіць іх з поля да 30 тон.
У ААТ «Камайскі-агра» адна з самых вялікіх у раёне плошчаў пад яравыя – 2 586 гектараў.
«Камайскаму» веснавую сяўбу трэба правесці на 2 586 гектарах. На 600 га плануецца пасеяць ячмень. 100 з іх упершыню адвялі пад піваварны ячмень сорту «мустанг». 250 гектараў зойме яравая пшаніца, хаця ў апошнія гады сельгаспрадпрыемства робіць стаўку на азімую. Восенню яе пасеялі на 2 070 гектарах. Па словах агранома, культура нядрэнна перазімавала. Уладзімір Карыцька і Аляксандр Букатаў па першаму разу падкармілі пасевы, і яны радуюць сакавітай зелянінай. Цяпер гэтыя механізатары рыхтуюцца да другой падкормкі і хімпраполкі.
450 гектараў — плошча пад рапс. Вялікія надзеі камайцы ўскладвалі на азімы рапс, але частка яго вымерзла. На гэтых палях мяркуюць пасеяць кукурузу. Усяго пад царыцу палёў адведзена больш за 1 000 гектараў. Пры планаванні аптымальнай структуры пасяўных плошчаў у гаспадарцы ў першую чагру ўлічваюць патрэбы жывёлагадоўлі, каб у зімова-стойлавы перыяд было чым карміць грамадскі статак. Сёлета будзе ўведзена ў эксплуатацыю новая ферма, таму ўжо цяпер тут думаюць, за кошт чаго змогуць павялічыць аб’ёмы кармоў.
— На палетках сельгаспрадпрыемства кожны дзень задзейнічана больш да 40 чалавек, — расказвала Аксана Касякова. — Большасць з іх вызначаюцца прафесійным майстэрствам, працавітасцю. Веснавое ворыва вядуць Андрэй Рабекін, Віктар Емельяновіч, Генадзій Юрэвіч, Мар’ян Урбановіч, Аляксандр Кургей. На трактарах з абаротнымі плугамі ім дапамагаюць Алік Смільгінь і Аляксандр Шыкуць з малочнага завода. Першы след на апрацоўцы глебы робяць Мікалай Высоцкі, Леанід Счасны, Эдгард і Сяргей Бразоўскія. Валерый Тарговіч працуе на трактары з культыватарам, Аляксей Яркоўскі — з бараной, Дзмітрый Нямірскі і Васілій Чабуранаў з малочнага завода — з чызялямі. Фосфарныя ўдабрэнні перад сяўбой уносяць Канстанцін Жвярэла і Валерый Буцько. Своечасова дастаўляюць насенне ў поле Павел Кеўліч, Ігар Кузьміч і Сяргей Бедунько.
Вадзім Дуброўскі на полі ля Мумішак загортваў у глебу авёс. Сустрэў нас у добрым настроі. Сее не першы год. Работа спорыцца.
— Наша задача — пасеяць, і мы яе выканаем, — гаварыў механізатар. — Віцебшчына — не Гродзеншчына: мы знаходзімся ў зоне так званага рызыкоўнага земляробства. І ці будзем з хлебам, у многім залежыць не ад нас, а ад нябеснай канцылярыі. Вось і цяпер не лішнім быў бы ноччу спорны дождж, бо пры моцным ветры і яркім сонцы глеба хутка перасыхае. Але каб і не задажджыла, бо тады работа стане.
Анна Анішкевіч