Быў адзін з першых цёплых красавіцкіх дзён. 90-гадовы Фадзей Павялковіч з вёскі Вайцяхі Варапаеўскага сельсавета выйшаў на панадворак, прысеў на лавачку і чакаў паштальёна. Атрымаўшы «Пастаўскі край», разгарнуў яго для азнаямлення.
— З кожным годам усё радзей на старонках раёнкі сустракаю знаёмыя прозвішчы, — гаварыў. — Яно і не дзіўна: людзі майго ўзросту даўно развіталіся з гэтым светам, а маладых я не ведаю. Цікаўлюся ходам пасяўной, пытаннямі, якія разглядаюць на раённых нарадах, з захапленнем чытаю артыкулы пра лёсы людзей. Асабліва падабаюцца матэрыялы Фаіны Касаткінай і няштатнага аўтара Ігара Пракаповіча. Ён адкрывае чытачам новыя старонкі гісторыі Пастаўшчыны.
Фадзею Зыгмундавічу ёсць што ўспомніць. Нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Трумпічы, недалёка ад Вайцяхоў. Яго дзед меў 5 сыноў. Стварыўшы ўласныя сем’і, пэўны час жылі ўсе пад адным дахам. Толькі дарослых было 12 чалавек, а яшчэ ж дзеці. Затое, па словах суразмоўцы, было весела. Затым вяскоўцаў сталі рассяляць па хутарах, і дзядзькі Фадзея абуладкаваліся са сваімі сем’ямі асобна. А дзед з бабуляй засталіся з яго бацькам — ён быў малодшым. Хлопцу жылося сумна: не меў ні братоў, ні сясцёр. У школу хадзіць было далёка, таму бацька сам вучыў сына чытаць, пісаць, лічыць. У 1939 годзе прыйшла савецкая ўлада, у 40-м Фадзея прынялі адразу ў 2 клас. Ды павучыцца рускай мове не давялося: з прыходам немцаў школа стала нямецкай. Праўда, яе хутка спалілі, і на гэтым вучоба завяршылася.
Немцы спалілі не толькі школу, але і вясковыя хаты. Павялковічаў прынялі да сябе знаёмыя з Ласіцы. А потым фашысты загадалі збірацца ў дарогу. Сагналі ўсіх на чыгуначны вакзал у Варапаева і рыхтавалі да адпраўкі ў Германію. Сям’і Фадзея ўдалося ўцячы. З часам знайшлі сваю карову, каня. І вярнуліся на папялішча роднай хаты. Жылі ў зямлянцы і паціху будавалі новы дом. Вучобу ў школе хлопец змог прадоўжыць толькі пасля вызвалення Беларусі.
— А найлепшай школай была армія, — гаварыў Фадзей Павялковіч. — Служыў у тапаграфічнай часці ў Калінінградзе. Мы рабілі здымкі рэльефаў і контураў, складалі тапаграфічныя карты. Колькі кіламетраў пройдзена па ўзбярэжжы Балтыйскага мора! За тры гады службы свету пабачыў, бо ў камандзіроўкі ездзілі ў Польшчу, Германію. На некаторыя астравы перапраўляліся на катары.
Вярнуўшыся дадому, пайшоў вучыцца на шафёра. У мясцовым калгасе яму прапанавалі новую машыну, гэта і прывабіла застацца тут працаваць. Па розныя матэрыялы, насенне ездзіў не толькі па Беларусі, але і ў Маскву, Вільнюс, Рыгу, іншыя гарады былога Савецкага Саюза. А неяк падчас жніва захварэў камбайнер, і Павялковіча папрасілі яго замяніць. Так ён развітаўся з машынай і стаў механізатарам. Заканчвалася жніво — перасядаў на трактар. Стараўся на любым участку.
— Хадзем пакажу, што я зарабіў за сваё жыццё, — запрашае ў хату і раскладвае на стале ўзнагароды доўгажыхар. Сярод іх — ордэн Працоўнай Славы III ступені, медаль «За працоўную адзнаку», грамата Вярхоўнага Савета БССР, мноства дыпломаў і грамат райкама партыі, кіраўніцтва калгасаў імя Пушкіна, а затым — «Зара», пасведчанняў ударніка камуністычнай працы, ударніка пяцігодак, нагрудны знак «За работу без аварый».
— Работа выкрала мяне з сям’і, — працягваў. — Дачка і сын выраслі самі па сабе, бо з дома выходзіў, калі яны яшчэ спалі, вяртаўся — ужо спалі. Жонка на ферме працавала. 25 гадоў пражылі ў шлюбе, а практычна не бачыліся. Як пра гэта шкадаваў, калі яна цяжка захварэла!
У 40-гадовым узросце смерць забрала ў Фадзея Павялковіча дачку, затым — зяця. Сіротамі засталіся двое ўнукаў. Сам жаніўся яшчэ двойчы і кожны раз заставаўся ўдаўцом. Цяпер жыве адзін. Ёсць праблемы са здароўем, але на іх чалавек не засяроджваецца. Са мной ён разважаў на розныя тэмы. У любым пытанні дасведчаны, мае сваё меркаванне.
— Непакоіць, што вёскі апусцелі, — гаварыў заклапочана. — Але мы не пакінутыя: атрымліваем пенсію, два разы на тыдзень прыходзіць аўталаўка. Сумна ад таго, што сілы пакідаюць, загаварыць няма з кім. Сын з нявесткай запрашаюць да сябе. Але мне добра ў вёсцы, дзе паветра гаючае, у хаце, якую будаваў сваімі рукамі. А што 90 гадоў за плячыма — так распарадзіўся лёс. Жыццё было нялёгкім, але яно вартае таго, каб жыць.
Анна Анішкевіч