26 апреля — День чернобыльской трагедии. История поставчанина Сергея Литвиновича

Общество

Перада мной — вельмі якасная, багата ілюстраваная кніга «Хроніка мужнасці». Яна выдадзена ў 2007 годзе Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Прысвечана подзвігам пажарных-ратаўнікаў і ахоплівае перыяд з 1926 па 2006 год. Самы вялікі раздзел у кнізе займае чарнобыльская катастрофа.

Выбух на атамнай электра­станцыі адбыўся ў 1 гадзіну 23 хвіліны 26 красавіка 1986 года. Пасля яго ўспыхнула больш за 30 вогненных ачагоў. У іх тушэнні ўдзельнічалі 81 адзінка тэхнікі, 37 пажарных падраздзяленняў, 240 чалавек. Пастаўчаніна Сяргея Літвіновіча ў іх ліку не было. Але і яму давялося несці сваю чарнобыльскую вахту, і яго імя значыцца ў кнізе.

Сяргей працаваў у Паставах інспектарам Дзяржпажнагляду. У верасні 1986-га ў складзе віцебскага зводнага атрада быў камандзіраваны ў Брагінскі раён, пацярпелы ад аварыі на ЧАЭС.

26 апреля — День чернобыльской трагедии. История поставчанина Сергея Литвиновича

— Вёскі там вялікія, па 150—200 двароў, і яшчэ былі жывыя, — расказваў. — Здавалася, вось-вось адчыняцца дзверы таго або іншага дома — і з яго выйдуць гаспадары. Ды не, мы знаходзіліся ў зоне адчужэння. Усё мясцовае насельніцтва было выселена. На вочы трапляліся толькі безнаглядныя коні, сабакі, каты. У садах — небывалы ўраджай, у лясах — паляны, дзе па штук 100—200 баравікоў. І ўсё атручанае радыяцыяй. Харчаваліся ў сталовай па талонах і толькі завезенымі прадуктамі.

Зона была абнесенага калючым дротам. На дарогах стаялі міліцэйскія або ваенныя пасты. Пад іх абуладкоўвалі вагончыкі. Камандзіраваныя ліквідатары аварыі размяшчаліся ў апусцелых будынках школ, гасцініц і іншых. Верталётчыкі выяўлялі ачагі гарэння торфу на балотах, і туды накіроўвалася тэхніка на іх тушэнне. А за Брагінам будавалі пасёлак для адселеных людзей. Сяргей з дня ў дзень правяраў супрацьпажарны стан розных аб’ектаў. На маё пытанне, ці адчуваў небяспеку для здароўя, знаходзячыся ў зоне адчужэння, адказаў: «Я закончыў Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча і меў пэўныя тэарэтычныя веды пра радыяцыю. Таксама ўдзельнічаў у вучэннях на Ігналінскай АЭС. А на Брагіншчыне давялося на свае вочы пабачыць наступствы тэхнагеннай катастрофы. І ўсё роўна страху перад радыяцыяй не было. Па-першае, напэўна, усё-такі малавата ведаў пра яе. Па-другое, прымаў меры засцярогі: насіў хімахоўнае адзенне, пры сабе заўсёды меў дазіметр. У рознай мясцовасці ён паказваў розны ўзровень радыяцыі».

Падчас брагінскай каман­дзіроўкі, якая доўжылася месяц, Сяргею Літвіновічу выпала прыемная і вельмі кранальная місія — разам з начальнікам віцебскага зводнага атрада суправаджаць карэспандэнтаў «Комсомольской правды». Яны прывезлі знак камсамольскай доблесці, якім быў пасмяротна ўзнагароджаны Васіль Ігнаценка. Ён у ліку 28 пажарных першым прыняў чарнобыльскі агонь на сябе і тым самым папярэдзіў яшчэ больш страшную катастрофу. Урачыстасць з нагоды ўручэння знака праходзіла ў школе. На ёй прысутнічалі бацькі і ўсе родныя Васілія. Ніхто не мог стрымаць слёз.

З Сяргеем Яўгеньевічам пра­цягваем гартаць старонкі «Хронікі мужнасці». Знахо­дзім у кнізе прозвішчы іншых пастаўчан-пажарных. «На жаль, некаторых ужо няма ў жывых, — цяжка ўздыхае ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. — Не магу пахваліцца здароўем і я».

Нічога не праходзіць бясследна…

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.