Згулялі ў сваю сілу
«Атлант» (Паставы)–«Бумпрам» (Гомель) – 0:3
8 тур. (19:25; 20:25; 21:25)
У гэтым матчы пастаўчане пастараліся даць бой больш моцнаму саперніку. Выніковую гульню зноў прадэманстраваў малады дыяганальны Дзмітрый Грыневіч. Спачатку з адрывам у некалькі ачкоў лідзіравалі нашы. Аднак пад канец стартавай партыі наперад выйшаў сапернік. «Атлант» у важны момант дапусціў шэраг памылак, за што і паплаціўся.
У двух наступных сэтах зноў лепш згуляў «Бумпрам» і дабіўся чарговай перамогі. Супраць яго ў той дзень змагаліся Аксёненка (Іўчанка), Саўчук (к, Казека), Грыневіч (Канаш), Казлоўскі, Іваноў, Каспер (Бабровіч) і лібера Зарэцкі, Літвіновіч.
Да завяршэння папярэдняга этапа нашай камандзе засталося правесці ў чэмпіянаце краіны 4 сустрэчы. Перад паездкай у Паставы сапернік дома правёў перанесены паядынак з асноўным канкурэнтам у барацьбе за «золата» — «Газавіком-Гомель» — і саступіў яму з лікам 1:3. Менавіта з кімсьці з іх «Атлант» пазмагаецца напрыканцы красавіка ў паўфінале. А 1 мая той, хто прайграе, павядзе барацьбу за бронзавыя медалі. Але пакуль нашым па падборы ігракоў цяжка змагацца на роўных з фаварытамі.
Уладзімір Шык