Радасць ад жыцця ў залатым узросце
У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўсе мерапрыемствы праходзяць цікава. Нядаўна тут прымалі гасцей з Міёрскага раёна.
Сярод іх — валанцёры раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа на чале з яе старшынёй Ганнай Лісковай. Ім цікава было пазнаёміцца з нашым горадам, даведацца, якія святы ладзяцца ў ТЦСАН. Міярчане ў сваю чаргу расказалі, чым займаюцца яны.
З захапленнем усе слухалі пастаўчанку Святлану Рассохіну. Яна падзялілася ведамі, набытымі на анлайн-курсах па мадэлінгу, арганізаванымі міжнародным мадэльным агенцтвам, а таксама ўражаннямі ад удзелу ў міжнародным конкурсе мадэляў ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў, што праходзіў у Турцыі. На сваім прыкладзе Святлана даказала: у любым узросце можна быць прыгожай, упэўненай, шчаслівай. Мадэль правяла майстар-клас па пазіраванні перад фотааб’ектывам. Актыўныя, бадзёрыя, ініцыятыўныя, крэатыўныя наведвальніцы аддзялення з задавальненнем удзельнічалі ў занятках, вучыліся ў яе.
Старшыня Пастаўскай раённай арганізацыі БТЧК Таццяна Шахава і яе калега з Міёр расказалі прысутным пра некаторыя непрадбачаныя выпадкі, якія могуць здарыцца з кожным у любую хвіліну і паказалі, як трэба аказваць першую дапамогу. Яны ўпэўненыя, што атрыманыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі дапамогуць валанцёрам не разгубіцца ў складанай сітуацыі. Затым прадстаўнікі БТЧК абмяняліся падарункамі, сярод якіх былі кнігі пра Пастаўскі і Міёрскі раёны, сувеніры.
— Падчас гэтай сяброўскай сустрэчы нарадзіліся новыя ідэі супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй БТЧК, міярчанамі, — падвяла вынікі мерапрыемства спецыяліст ТЦСАН Аксана Дробышава. — Нас запрасілі ў госці, і мы збіраемся туды з канцэртнай праграмай. Прадоўжыць свае заняткі і Святлана Рассохіна: яна будзе вучыць наведвальніц аддзялення дэфіляваць, трымаць асанку, наносіць макіяж, разбірацца ў модзе.
У той дзень у аддзяленні доўга гучалі смех і песні, былі танцы. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што радасць ад жыцця можна атрымліваць і ў залатым узросце.
Анна Анішкевіч
Фота аўтара і Аксаны Дробышавай