Рэзервы яшчэ ёсць. І іх трэба выкарыстоўваць
Такую задачу на справаздачным сходзе паставіў перад калектывам ААТ «Навасёлкі-Лучай» яго дырэктар Юрый Шымчык.
Зведзены баланс расходаў і даходаў, падлічаны страты і прыбытак — і бачныя не прагнозныя, а рэальныя паказчыкі сельскагаспадарчай дзейнасці ў мінулым годзе. Яны і былі вынесены на абмеркаванне. Юрый Шымчык адклаў убок загадзя падрыхтаваны даклад і пачаў шчырую размову з прысутнымі. Ён адзначыў, што галоўнай крыніцай даходаў з’яўляецца жывёлагадоўля. Найбольшы прыбытак гаспадарцы прыносіць рэалізацыя малака. Летась ад яе атрымалі выручкі 10 мільёнаў 620 тысяч рублёў. Грошы размеркавалі на выплату заработнай платы, аплату электраэнергіі, набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак, ветпрэпаратаў і іншыя расходы. 2021 год завяршылі з прыбыткам у 2 мільёны рублёў.
— Сельская гаспадарка — складаная галіна, у якой не бывае дробязей, — гаварыў Юрый Шымчык. — Многія паказчыкі, асабліва ў раслінаводстве, залежаць ад умоў надвор’я. Каб мець высокія вынікі, важна захоўваць тэхналагічную і вытворчую дысцыпліну, рацыянальна выкарыстоўваць матэрыяльныя рэсурсы.
Стан спраў у жывёлагадоўлі падрабязна прааналізавала галоўны заатэхнік Вольга Хмельнік. Яна прывяла канкрэтныя лічбы па надоях, сярэднясутачных прывагах па фермах, расказала, у чым бачыць недапрацоўкі.
У Навасёлках прывыклі жыць па сродках, не чакаючы дапамогі з боку дзяржавы. Работнікі гаспадаркі разумеюць, што ад укладу ў агульную справу кожнага залежыць канчатковы вынік. Росту вытворчасці валавой прадукцыі можна дабіцца толькі пры змяншэнні затрат, зніжэнні яе сабекошту. А для гэтага неабходна эканомнае, беражлівае расходаванне гаруча-змазачных матэрыялаў, электраэнергіі.
Галоўны тэхнолаг палёў Алена Касцюк спынілася на выніках работы ў раслінаводстве і задачах на перыяд веснавых палявых работ. З восені ў гаспадарцы закладзена нядрэнная аснова будучага ўраджаю — азімыя пасеяны на 3 024 гектарах. Гэта на 174 гектары больш, чым было ў папярэднім годзе. На 2 000 гектараў восенню правялі хімпраполку. Веснавыя палявыя работы ўжо стартавалі. Уносяцца калійныя і азотныя ўдабрэнні, арганіка, вядзецца падсеў шматгадовых траў. Вясной ворыва трэба правесці больш чым на 1 000 гектараў. Гэту плошчу зойме ў асноўным кукуруза, а 1 250 гектараў — яравыя. У дастатковай колькасці ёсць іх насення, а таксама гароху, кукурузы. У хуткім часе паступіць насенне кукурузы імпартных сартоў.
Рэзервы павышэння ўраджайнасці зерневых, магчымасць нарыхтоўкі ў большай колькасці і лепшай якасці кармоў у гаспадарцы ёсць. Кожны член калектыву павінен прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць тэндэнцыю па нарошчванні эканамічнага патэнцыялу сельгаспрадпрыемства.
Кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай» шмат робіць па стварэнні належных умоў для працы і жыцця людзей. У мінулым годзе здадзены ў эксплуатацыю новы 12-кватэрны жылы дом. Ён унікальны тым, што тут як для асвятлення, так і для ацяплення, гарачага водазабеспячэння выкарыстоўваецца электраэнергія. Дырэктар гаспадаркі паведаміў, што такое зробяць і ў дамах у Лучаі. Сёлета распрацуюць праект, а ў 2023 годзе пачнецца мантаж абсталявання. Частку расходаў возьме на сябе сельгаспрадпрыемства, частку — гаспадары кватэр. У будучым іх расходы гаспадарка кампенсуе. Плануецца прадоўжыць будаўніцтва жылля ў Навасёлках, весці добраўпарадкаванне вуліц, ферм, іншых аб’ектаў.
— Усё, чым можа пахваліцца ААТ «Навасёлкі-Лучай», дасягнута вашым стараннем, — падвёў вынік Юрый Шымчык. — У нас працуе шмат добрасумленных работнікаў. Па выніках спаборніцтва за мінулы год фотаздымкі найлепшых механізатараў, аператараў машыннага даення, спецыялістаў будуць занесены на Дошку гонару гаспадаркі. Хаця гэтага заслугоўвае значна больш людзей. Таму сёння многіх з вас адзначым граматамі і грашовымі прэміямі. Няхай гэта заахвочванне стане стымулам да плённай працы ў будучым.
Анна Анішкевіч