У суладдзі з сабой і Богам жыве 90-гадовая жыхарка вёскі Муляры Камайскага сельсавета Вільгельміна Барткевіч.
Блізкая сэрцу тэма
Пра гэту жанчыну шмат чула ад яе пляменніцы. А нядаўна падумала, чаму б не пазнаёміцца з ёй асабіста. І вось я каля прыгожага жоўтага доміка з сучаснымі вокнамі, дагледжаным панадворкам, па якім пад веснавым сонейкам гуляюць куры. На парозе сустракае гаспадыня, якая зусім не выглядае на свой узрост. Шчыра запрашае ў пакоі і крыху хвалюецца: «Мая дзетка, што пра мяне пісаць? Ні адукацыі, ні медалёў. Толькі мазалі!» Звяртаю ўвагу на абразы на сцяне. Сярод іх як сучасныя, так і даўнейшыя. Цікаўлюся імі. І Вільгельміна Мікалаеўна ажыўляецца, адчуваецца, што гэта тэма блізкая яе сэрцу.
— Вось з гэтым прыйшоў у прымы мой другі муж, — паказвае на вялікі абраз, на якім Хрыстос моліцца ў Садзе Аліўным, — а Маці Божую Вастрабрамскую падарыў, святой памяці, ксёндз Браніслаў з Гадуцішак. Святая Агата — памяць ад ксяндза Чэслава Куцмежа, які ў свой час быў пробашчам камайскага касцёла, Святая Цыцылія і благаслаўлёны Ежы Папялушка — ад ксяндза Яцэка Хутмана. Усё маё жыццё непарыўна звязана з Богам і касцёлам.
Вілюнька (так звалі яе ў дзяцінстве) была другой у сям’і. За ёй — яшчэ пяцёра малодшых братоў і сясцёр. Жылі на хутары каля Норкавіч. Калі дзяўчынцы споўнілася 5 гадоў, яе забраў да сябе дзядуля, які застаўся ўдаўцом. Запомнілася, як разам з ім чытала малітвы, рыхтавалася да першай споведзі. Прыступіла да яе ў камайскім касцёле, тут жа ўпершыню прыняла Езуса ў сваё сэрца і адчула яго бязмежную любоў.
— Памятаю, у Вялікую пятніцу, калі Езус памёр на крыжы, пайшла з сяброўкамі ў касцёл, — узгадвала Вільгельміна Мікалаеўна. — Завязала чорную хустачку, бо разумела: калі хто памірае — гэта час жалобы. Застыла тады ля месца, дзе ляжала фігура Хрыста, і доўга плакала. Любіла маёвыя набажэнствы. Яны праходзілі ў доме Пузаноў. Маліліся, спявалі песні да Маці Божай. З Пузанамі на конях ездзілі ў Гадуцішкі на фэст Маці Божай Шкаплернай, на Святога Роха — у Кабыльнік. Перад вачыма і сёння стаіць невялікі драўляны, але вельмі прыгожы касцёл у Задзеўі, дзе шмат людзей збіралася на Спас (Перамяненне Пана — аўт.).
Пра веру, касцёлы, ласку Божую з Вільгельмінай Мікалаеўнай можна гаварыць бясконца. Яна расказвала, як рыхтаваліся да свят дома і ў храме, калі і якія песні спявалі, разважала пра сэнс жыцця і сваё месца ў ім.
І гаравалі, і танцавалі
У 6 гадоў Вілюні даверылі прыглядваць за 3-месячнай стрыечнай сястрой. Пазней запрасілі ў нянькі ў Камаі. У той сям’і размаўлялі на польскай мове. Асвоіла яе і Вільгельміна. У школу пайшла ў 1939-м. Правучылася два гады, і немцы школу спалілі.
— Як жа страшна было ў вайну! — працягвала жанчына. — Гул тых самалётаў і цяпер у вушах. Тату забралі на фронт, а нам, дзецям, трэба было дапамагаць маме. І кароў пасвіла, і коньмі на малатарні кіравала, і лён ірвала, і жыта жала. А якая была радасць, калі даведаліся, што вайна закончылася! Дачакаліся вяртання родных дадому. Мокры 1946-ы прынёс голад. І яго перажылі.
Норкавічы былі вялікай вёскай. Моладзь ладзіла розныя забавы. Калі Вілюнька падрасла, запрасілі і яе на танцы. Было гэта на другі дзень Каляд. Спачатку запалілі свечку і заспявалі калядную песню «Сярод начной цішы». Затым загучала музыка. Дзяўчына хораша танцавала, і жадаючых запрасіць яе на танец было шмат. Аднаго разу на забавах пазнаёмілася з хлопцам з Муляр. Неўзабаве ён паклікаў яе замуж.
— Сям’я мужа была шляхетная, — успамінала. — Размаўлялі па-польску. Вось тут мне і спатрэбілася гэта мова, якой я навучылася ў дзяцінстве. Нарадзіўся сынок. З мужам і яго раднёй мы вельмі ладзілі. Ды прыйшла бяда — у мужа здарыўся інсульт, уратаваць не ўдалося.
Лёс не песціў, вера ратавала
Праз пэўны час Вільгельміна купіла невялікую хатку і адышла ад свёкра і свекрыві. Сама касіла, арала. Стаміўшыся, вярталася дадому і была гатова пайсці замуж за любога, хто пакліча. За 6 гадоў да працавітай удавы сваталіся многія, а лёсам быў наканаваны Часлаў Барткевіч з Янковіч — халасцяк, на 8 гадоў маладзейшы, які два гады дабіваўся яе згоды. У сям’і нарадзіліся дзяўчынкі-двайняткі. У той час водпуску па доглядзе дзяцей не было, таму жанчына пакідала малых дома адных, а сама спяшалася на работу. Яе назначылі загадчыцай склада гаруча-змазачных матэрыялаў. Вельмі хвалявалася: ці атрымаецца? Сёння Вільгельміна Мікалаеўна з удзячнасцю ўспамінае былога галоўнага інжынера гаспадаркі Адольфа Амбразевіча, загадчыка майстэрань Віталія Ожаля, якія вучылі, падказвалі. І ўсё складвалася добра. Муж працаваў на трактары, камбайне, ад цямна да цямна быў у полі. Гадаваць дачушак дапамагалі сястра Уладзя, старэйшы сынок, а спраўляцца з усімі цяжкасцямі — глыбокая вера, памножаная на шчырую малітву, якой шмат часу прысвячала і прысвячае не толькі перад алтаром у касцёле, але і дома. Беражліва захоўвае малітоўнік, які дастаўся ёй у спадчыну ад бацькоў і дзядоў. Мае шмат сучаснай рэлігійнай літаратуры.
Чатыры гады назад жанчына зноў аўдавела. Але на лёс не наракае, мужна нясе свой крыж. А гэта пад сілу толькі моцнаму духам чалавеку. Яна спагадае кожнаму, хто хоча адкрыць ёй душу, імкнецца падтрымаць. Сама ж у любы час і з любымі просьбамі звяртаецца да Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі. Малітва для Вільгельміны Барткевіч — асалода, размова з Тым, Каго яна вельмі любіць з дзяцінства. Кожную нядзелю на аўтобусе едзе ў камайскі касцёл. А дадому іншы раз вяртаецца пешшу.
У Вільгельміны Мікалаеўны цудоўны голас. Яе пастаянна запрашалі маліцца па нябожчыках. 10 гадоў спявала ў касцельным хоры. Прыемным сюрпрызам для жанчыны стала віншаванне з 90-гадовым юбілеем ад ксяндза Яцэка, парафіян падчас нядзельнай святой Імшы. Дома прымала гасцей з ліку родных і блізкіх. У імянінніцы 3 дзяцей, 8 унукаў і 11 праўнукаў.
Багатае на добрых людзей і падзеі жыццё доўгажыхаркі працягваецца. Няхай яно будзе прыкладам для іншых.
Анна Анішкевіч