З любоўю і павагай да жанчын
У аўторак свята вясны і зачаравання адзначылі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Прыняўшы раніцай віншаванні і падарункі ад дарагіх і блізкіх людзей, далёка не ўсе яны пажадалі заставацца дома ў сонечны і яркі, як вясеннія кветкі, дзень. Многія пастаўчанкі прыйшлі ў раённы Дом культуры на святочны канцэрт, падрыхтаваны ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці РДК.
Ужо на ўваходзе ў гэту ўстанову жанчын чакаў сюрпрыз: кожную дружна віталі і дарылі невялічкую паштоўку-брошку юныя артысткі ў вобразе сонечных апельсінак. У глядзельнай зале эстафету цудоўнага настрою падхапілі вядучыя канцэртнай праграмы — удзельнікі студыі літаратурнага чытання Глеб Палхоўскі і браты Цімур і Руслан Сіланавы. Колькі цёплых слоў і кампліментаў сказалі яны ў адрас мам, бабуль, сясцёр і сябровак, колькі усяго добрага ім пажадалі! Не прамінулі таксама пацікавіцца ў жанчын у зале, пра які падарунак на 8 Сакавіка тыя марылі і ці атрымалі яго.
Што да творчых падарункаў, то яны былі на любы густ: песні, танцы, цыркавыя нумары, дэфіле ў вячэрніх сукенках. І ўсе выступленні — прасякнутыя любоўю і павагай да жанчын, якія напаўняюць жыццё прыгажосцю, дабрынёй і пяшчотай.
Алена Шапавалава