Заваражылі стракатыя коўдры
Рукадзельнічаць Таццяна Літвінка любіла з дзяцінства. У школьныя гады вышывала, вязала кручком. Калі вырасла і выйшла замуж, захацела навучыцца шыць. Папрасіла мужа купіць ёй швейную машынку і запісалася на курсы кройкі і шыцця, якія наведвала на працягу года. Але, закончыўшы, зразумела: пашыў адзення не захапляе, куды цікавей абрэзкавае шыццё.
— Яно заварожвала мяне заўсёды, — расказвала пастаўчанка. — Асабліва падабаліся стракатыя коўдры з кавалачкаў тканіны. Глядзела на іх — і замірала сэрца. Пры гэтым зусім не думала, што некалі сама буду шыць такія ж.
Усё пачалося 10 гадоў назад, калі Таццяна знаходзілася ў водпуску па доглядзе сына. Сярод развівальных цацак, якія бацькі куплялі малому, былі мяккія кубікі. Аднойчы маладая мама вырашыла зрабіць аналагічны кубік сваімі рукамі. Паспрабавала — атрымалася: адзін, другі, трэці… Потым стала шыць дзіцячыя развівальныя кніжкі. Вучылася па майстар-класах у інтэрнэце, доўга не асмельваючыся прыступіць да стварэння больш сур’ёзных рэчаў. Сёння ўспамінае, як трэсліся рукі, калі рэзала дарагую нямецкую тканіну, якую купіла, каб пашыць першую абрэзкавую коўдру. Але і гэты «блін» не выйшаў камяком.
Зараз на старонках жанчыны ў Instagram і «Одноклассниках» чаго толькі не ўбачыш! Там і коўдры, і ўсемагчымыя падушачкі як традыцыйнай формы, так і ў выглядзе аблокаў, караблікаў, выкананыя ў тэхніцы пэчварк і ўпрыгожаныя аплікацыяй. Ёсць таксама сурвэткі, дыванкі ў форме лісточкаў, дэкаратыўныя кошыкі, касметычкі, сумкі, тэкстыльныя букеты кветак, лялькі. Акрамя звычайных мяккіх цацак, майстрыха шые і лялькі-цільды. Частку работ дорыць блізкім і сябрам, многія робіць па заказе знаёмых, аформіўшы ў 2015 годзе рамесніцкую дзейнасць. Хэндмэйд-вырабы знаходзяць прымяненне і ў Таццяны дома: аздабляюць інтэр’ер, служаць пасцельнымі прыладамі сыну і 15-гадовай дачцэ. Коўдры і падушкі сям’я выкарыстоўвае і на пікніках.
Працуючы медсястрой у паліклініцы, свайму хобі Таццяна Літвінка не можа ўдзяляць шмат часу. У будныя дні атрымліваецца выкраіць гадзіну-паўтары, і то не кожны дзень. Даўжэй за любімым заняткам ёсць магчымасць пасядзець у выхадныя. І тады яна забывае пра час, пагружаючыся ў творчы працэс у спецыяльна абсталяваным, утульным пакоі для шыцця. Дарэчы, некалькі гадоў назад пастаўчанка ўдзельнічала ў інтэрнэт-конкурсе магазіна тавараў для шыцця і рукадзелля «ХоббиШоп», у якім трэба было паказаць свой рабочы куток. На жаль, з-за вялікай канкурэнцыі выйграць прыз не змагла. А вось у 2015-м стала пераможцай абласнога конкурсу сямейных творчых праектаў «Сям’я талентамі багатая», дэманструючы ў Віцебску свае развівальныя цацкі.
У захопленай любімай справай Таццяны нямала творчых ідэй, якія яна збіраецца ажыццявіць. Ёсць намер асвоіць розныя блокі абрэзкавага шыцця і розныя віды прашывання коўдраў — з гэтай мэтай ужо купіла дадатковыя лапкі для машынкі. Гледзячы на яе, некаторыя знаёмыя таксама пачалі займацца такім старажытным відам рукадзелля.
Алена Шапавалава
Фота са старонак Таццяны Літвінкі ў сацсетках