Асаблівы дакумент у асаблівы дзень атрымалі навучэнцы гарадскіх і сельскіх школ Пастаўшчыны.
15 сакавіка ў канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння пашпартоў. Мерапрыемства было прымеркавана да дзяржаўнага свята — Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
На ўрачыстасці (а яна прайшла ў рамках усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі») прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Лойка, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Аніта Несцяровіч і іншыя.
— Сёлета Дзень Канстытуцыі мае асаблівы сэнс, — адзначыў Пётр Курто. — Менавіта сёння набываюць моц змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон краіны, прынятыя падчас нядаўняга рэферэндуму. Многія палажэнні новай Канстытуцыі скіраваныя на падтрымку моладзі, і гэта для вашай будучыні значыць многае. Дзяржава адказная за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы, але памятайце: на вас таксама ляжыць адказнасць за лёс сваёй краіны. Будзьце патрыётамі, любіце Беларусь і родную Пастаўшчыну, шчыруйце на іх карысць і рабіце ўсё магчымае, каб і наступныя пакаленні жылі ў квітнеючай, незалежнай краіне. І няхай сённяшняе свята надасць вам сіл і ўпэўненасці ў дасягненні пастаўленых мэт.
Кульмінацыяй мерапрыемства стала ўручэнне пашпартоў. Галоўны ў жыцці дакумент на сцэне атрымалі два дзясяткі навучэнцаў гімназіі, усіх гарадскіх, а таксама Камайскай, Дунілавіцкай, Навасёлкаўскай сярэдніх школ. На памяць пра гэту знакавую ў жыцці падзею ў кожнага з іх засталіся і падарункі: абноўлены варыянт Канстытуцыі і кніга «Мы — грамадзяне Беларусі».
З уступленнем у дарослае жыццё старшакласнікаў павіншавала першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Малевіч. Ва ўрачыстай абстаноўцы яна ўручыла членскія білеты новаспечаным сябрам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з СШ №4. Маладзёжны лідар таксама нагадала, што сёлета самае буйное маладзёжнае аб’яднанне краіны адзначыць сваё 20-годдзе. Мерапрыемствы з гэтай нагоды пройдуць і на Пастаўшчыне.
Урачыстасць скончылася святочным канцэртам: перад гледачамі выступілі Марыя Шаура, Яна Ігнатовіч, група «Класная кампанія», удзельнікі эстраднай вакальнай студыі «Славія», тэатра танца «Непаседы» і танцавальнага калектыву «Скай Дэнс».
Іна Сняжкова