Аўтэнтычныя песні для «Наперад у мінулае»
На мінулым тыдні сцэна Юнькаўскага сельскага Дома культуры стала здымачнай пляцоўкай для перадачы «Наперад у мінулае».
Гэта праграма выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3» і прысвечана захаванню спрадвечнай песеннай культуры Беларусі. Кожны яе выпуск — справаздача пра экспедыцыі ў глыбінку, дзе яшчэ жыве беларуская фальклорная спадчына. Да таго ж адну з песень, толькі ў сучаснай аранжыроўцы, бярэ ў свой рэпертуар хтосьці з беларускіх артыстаў. Так народная творчасць набывае другое дыханне і новае жыццё.
Убачыць здымкі тэлеперадачы пажадала і я. Цікава было паназіраць, як выстаўляецца святло, рэгулюецца гук, працуюць камеры, як дамаўляюцца паміж сабой рэжысёр і аператары, сустрэцца з тэлевядучай Аксанай Вечар.
У здымках перадачы ўдзельнічалі народны гурт аўтэнтычнай песні з Андрон, народны жаночы клуб «Юнчанка» і прадстаўнікі маладзёжных фальклорных груп з Гуты, Варапаева, Дунілавіч, якія паказалі народную гульню «Яшчар».
— Час ідзе, адыходзяць у вечнасць носьбіты аўтэнтычных звычаяў, абрадаў, — гаварыла дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Ксенія Грэська. — У гурце з Андрон засталіся толькі тры найстарэйшыя спявачкі: Ганна Бароўка, Жанна Мацкевіч і Лідзія Шчасная. Але страціць такую самабытную народную спадчыну недаравальна. Таму ў склад гурта ўключылі маладзейшых. Яны імкнуцца пераняць манеру выканання песень, укараніць іх у мастацкую творчасць.
— Мэта нашай тэлепраграмы — адшукваць і занатоўваць у часе ацалелыя культурныя здабыткі, — расказвала Аксана Вечар. — Сёлета «Наперад у мінулае» адзначыла дзесяцігадовы юбілей з дня выхаду першай тэлеперадачы. За гэты час мы аб’ехалі ўсе раёны Беларусі. У вашым — трэці раз. Першы раз здымалі ў Гуце народную гульню моладзі «Яшчар», другі — у Дунілавічах — талаку «Падушкі для сына і дачушкі». Сёння — фальклорная экспедыцыя ў Юньках. Удзельнікі гурта аўтэнтычнай песні і клуба «Юнчанка» прадэманстравалі свой прыродны талент і каларыт, аўтэнтыку бытавання абраду з задзейнічаннем у ім моладзі. Пастаўшчына — сапраўдная песенная спадчына. Песню «Вол бушуе» ў выкананні Таццяны Карпавай і Алёны Амбарцумян чула ўпершыню.
У глыбінцы дакранаешся да сапраўднага, істотнага і грунтоўнага. Мне заўсёды прыемна бачыць вочы вясковых людзей. Яны вельмі ўдзячныя, што мы прыязджаем, удзяляем ім увагу. А тое, што вяскоўцы ў нашым складаным жыцці спяваюць і атрымліваюць ад гэтага асалоду, — сапраўдны цуд.
Падчас здымкаў перадачы ў Юнькаўскім сельскім Доме культуры прагучала 9 народных песень. Слухаць галасістых самадзейных артыстаў — задавальненне. Дарэчы, як і назіраць за зладжанай работай здымачнай групы. Рэжысёр Анатоль Вечар заўважаў, здаецца, любую дробязь, якая магла б сапсаваць або, наадварот, упрыгожыць кадр. Ён і аператары разумелі адно аднаго з паўслова. Здымкі суправаджалі падбадзёрваннем, трапным гумарам.
Якая песня будзе выбрана для аранжыроўкі на сучасны лад і хто з беларускіх артыстаў выканае абноўленую кампазіцыю, пакуль невядома. Усё можна будзе ўбачыць на тэлеканале «Беларусь 3» 10 красавіка. Запрашаем жыхароў раёна далучыцца да невычэрпнай крыніцы народнай спадчыны Пастаўшчыны.
Анна Анішкевіч