Да службы ў арміі гатовыя
У рамках рэспубліканскай акцыі «Разам за здаровую будучыню» 18 сакавіка на ФАКу па вуліцы Савецкай у Паставах прайшла штогадовая ваенна-спартыўная гульня для падлеткаў дапрызыўнага ўзросту «Я ў армію пайшоў бы, няхай мяне навучаць».
Удзельнікамі гульні, арганізаванай райкамам БРСМ, аддзеламі спорту і турызму, па адукацыі і ўнутраных спраў райвыканкама, сталі навучэнцы ўсіх гарадскіх школ, гімназіі і каледжа ва ўзросце 15—17 гадоў. Па традыцыі спачатку адбылося пастраенне і прадстаўленне каманд, пасля чаго яны ўключыліся ў спартыўную барацьбу.
Першай была эстафета «Трывога». У ёй юнакі, апрануўшы міліцэйскія бронекамізэльку і шлем і ўзяўшы ў рукі дубінку, павінны былі прабегчы некалькі дзясяткаў метраў, а затым перадаць сваю экіпіроўку таварышу па камандзе. Далей удзельнікаў чакалі рывок 16-кілаграмовай гіры (гэта рабілі толькі два прадстаўнікі кожнай з каманд), падцягванне на перакладзіне і комплексна-сілавое практыкаванне. Яно складалася з пад’ёму тулава з гарызантальнага становішча (качання прэса) і адціскання ад падлогі.
Трэба было бачыць, як стараліся юнакі зарабіць як мага больш балаў для сваёй каманды, дэманструючы выдатную фізічную форму! Так, гіру яны паднімалі на выцягнутай уверх руцэ ў сярэднім па 110 разоў, а Мурат Мустафаеў з СШ №3 зрабіў ажно 120 рыўкоў. Падцягнуцца на перакладзіне кожны ўдзельнік змог каля 13 разоў. Найлепшы ж вынік — 18 падцягванняў — паказаў Ілья Кулак з СШ №2 імя Н. М. Асяненкі. У комплексе «пад’ём тулава—адцісканне» не было роўных навучэнцу каледжа Сяргею Быкаву, які выканаў гэта практыкаванне 75 разоў за 1 хвіліну пры сярэднім паказчыку 60 разоў.
У выніку па суме набраных балаў 1-е месца заняла зборная СШ №2 імя Н. М. Асяненкі. На 2-м месцы каманда СШ №3, на 3-м — гімназіі. Прызёры атрымалі дыпломы райкама БРСМ і тарты ад арганізатараў, а прадстаўнікі каманды-пераможцы — яшчэ і флэш-карты.
Алена Шапавалава