Наша жалезная лэдзі
Так з любоўю называюць калегі майстра вытворчага навучання Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Паліну Маісееву. Яна адзіная ў сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны прадстаўніца слабай паловы чалавецтва, якая на практыцы знаёміць навучэнцаў з устройствам аўтамабіляў і вучыць іх рамантаваць.
Паліна — былая выпускніца ПДК. У каледж паступіла ў 2013 годзе пасля заканчэння Навасёлкаўскай СШ. Выбрала гандлёвую справу. А калі атрымала дыплом і год адпрацавала прадаўцом, зразумела: гэта прафесія не яе мары. З дзяцінства дзяўчыну вабіла тэхніка. Любіла пракаціцца з бацькам, які працуе механізатарам у ААТ «Сцяг Перамогі-агра», на трактары, распытаць пра яго ўстройства, часам дапамагала з рамонтам, не баючыся вымазацца ў мазуце.
Таму, падумаўшы, зноў падала дакументы ў каледж. На гэты раз на спецыяльнасць «Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў», аказаўшыся адзінай дзяўчынай сярод амаль трох дзясяткаў хлопцаў. Тыя адразу ж ацанілі такі нестандартны ўчынак, мэтанакіраванасць і імкненне Паліны да ведаў і выбралі яе старастай групы. Праз год, атрымаўшы дыплом з адзнакай, вырашыла прадоўжыць навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў». І зноў была адзінай дзяўчынай і старастай групы.
На размеркаванні яркай ва ўсіх сэнсах выпускніцы прапанавалі застацца працаваць у каледжы ў якасці майстра вытворчага навучання. Але майстру неабходна мець педагагічную адукацыю. Каб яе атрымаць, Паліна паступіла ў Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, які таксама паспяхова закончыла, і з 2018 года вядзе практычныя заняткі ў будучых слесараў па рамонце аўтамабіляў. У падгрупе 15 юнакоў, якіх дзяўчына вучыць дасканала разбірацца ў тэхніцы. Акрамя таго, зараз за ёй замацавана 226-я група, сфарміраваная на аснове базавай адукацыі. Па паспяховасці і паводзінах яна з’яўляецца адной з найлепшых у ПДК.
Нягледзячы на невялікую розніцу ва ўзросце, хлопцы паважаюць і слухаюцца маладога педагога: стараюцца не парушаць дысцыпліну на занятках, дзеляцца сваімі радасцямі і бедамі. Добрыя адносіны склаліся і з бацькамі навучэнцаў. З імі, як і з падапечнымі, Паліна на сувязі ледзь не 24 гадзіны ў суткі.
— Я не думала, што мне настолькі спадабаецца працаваць з падлеткамі, — кажа яна. — Падабаецца і выбраная прафесія. На самай справе ва ўстройстве аўтамабіля няма нічога такога, што цяжка было б зразумець жанчыне. Асабіста для мяне машына — як чалавек са сваімі органамі і сістэмамі. Пры неабходнасці магу адрамантаваць любы вузел і механізм.
Ужо колькі часу Паліна Маісеева ўзначальвае пярвічную арганізацыю БРСМ Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Падчас сёлетняй уступнай кампаніі будзе сакратаром прыёмнай камісіі. Акрамя таго, летась дзяўчына паступіла на аграмеханічны факультэт Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння зможа ўладкавацца ў многія арганізацыі раёна. Але сваю будучыню Паліна звязвае менавіта з каледжам. Кажа, што не ўяўляе сябе ў іншым месцы. Куды б ні пайшла працаваць, здаецца, усюды будзе сумна. А тут пастаянна ў руху. Жыццё кіпіць!
Алена Шапавалава