«Человек года Поставщины» Валерий Купран: «Если любишь работу, тогда она спорится»

Общество

Калі любіш работу, тады яна спорыцца

У гэтым упэўнены аператар па дарошчванні буйной рагатай жывёлы ААТ «Камайскі-агра», лаўрэат звання «Чалавек года Пастаўшчыны» Валерый Купран.

«Человек года Поставщины» Валерий Купран: «Если любишь работу, тогда она спорится»
Аператар па дарошчванні буйной рагатай жывёлы ААТ «Камайскі-агра» Валерый Купран

Перад цяжкасцямі не пасуе

Сёння на жывёлагадоўчых фермах у асноўным працуюць жанчыны: загадчыцы ферм, аператары машыннага даення, даглядчыцы. Але ёсць і мужчыны. Сярод іх — Валерый Купран.

Каля фермы ў Сакунах бычкі па кілаграмаў 300 грэліся на вясновым сонцы. Крыху меншыя, якіх перамясцілі сюды нядаўна, ласаваліся мукой у будынку. Валерый раскладваў ім на кармавы стол сянаж са стрэйч-плёнкі.

— Работы хапае, — гаварыў аператар. — Яна патрабуе фізічнай сілы, вынослівасці. Я — чалавек вясковы, да ўсяго прывычны, перад цяжкасцямі не пасую. Люблю жывёлу, за столькі гадоў прывык да сваіх абавязкаў і не ўяўляю сябе на іншым месцы.

Радзіма Валерыя — суседнія з Сакунамі Янкішкі. У сям’і ён малодшы. Калі хлопчыку споўнілася 4 гады, трагічна загінуў бацька. Вяртаўся дадому з фермы, было разводдзе. Конь нечага спалохаўся, і ўтрымаць яго было немагчыма. У выніку воз перакуліўся і прыціснуў мужчыну. Выратаваць яго жыццё не ўдалося. Маці засталася з трыма сынамі. А калі старэйшы служыў у арміі, памерла ад невылечнай хваробы. 10-гадовага Валерыя і яго сярэдняга брата забрала да сябе бабуля — бацькава маці.

— Яна даўно была ўдавой, дзеда я не памятаю, — расказваў Валерый. — І нас з братам яна вучыла быць гаспадарамі. Наколькі хапала сіл, дапамагалі бабулі па гаспадарцы, а трымалі немалую. У той час сена ўручную касілі і на кані вазілі. Хадзілі за плугам і бараной. Я рана навучыўся даіць карову. Калі закончыў 8 класаў янкішскай школы, папрасіўся ў калгас даглядчыкам цялят.

Сярэднюю адукацыю хлопец атрымаў у вячэрняй школе, якая працавала пры Камайскай СШ. Тэрміновую службу праходзіў у Краснаярску, у войсках сувязі. Напачатку вельмі сумаваў па доме, родных. І калі з’явілася магчымасць паехаць у водпуск, адмовіўся, каб потым зноў не прывыкаць. Была прапанова застацца служыць. Але Валерый, як толькі дэмабілізаваўся, паспяшаўся на самалёт.

Зноў уладкаваўся ў мясцовую гаспадарку. Напісаў заяву, каб яму далі кватэру. І калі атрымаў ключы, перавёз з Янкішак у Сакуны бабулю і ўсю гаспадарку. Працаваў пастухом, слесарам па рамонце абсталявання, урэшце вырашыў даглядаць цялят.

Надзейны тыл — сям’я

Прыйшоўшы аднаго разу ў мясцовы магазін, за прылаўкам убачыў маладзенькую прадаўшчыцу. І нейкім асаблівым цяплом напоўнілася сэрца. Не магла не звярнуць увагі на прыгожага, статнага хлопца і Алена. Узаемная сімпатыя перарасла ў каханне. А праз месяц кіраўніцтва Лынтупскага сельскага спажывецкага таварыства прапанавала Алене перавод ў іншы магазін. Каб не разлучацца, вырашылі пажаніцца. Сваімі сіламі зладзілі сабе вяселле.

Марылі пра больш прасторнае жыллё. Па дапамогу ў яго набыцці Валерый звярнуўся да старшыні калгаса Баляслава Шылько. І той, цэнячы працавітага жывёлавода, выдзеліў пазыку. За яе купілі вясковы дом. Закіпела работа па яго абуладкаванні. Нарадзіўся першынец Андрэй. Праз 3 гады сям’ю папоўніў Павел, праз 5 — Стасік. Чацвёртай нарадзілася дачушка Віка. Дзеці — шчасце і гонар Купраноў. Андрэй закончыў Лужаснянскі аграрны каледж, працаваў аграномам, начальнікам камайскага аддзялення, цяпер — намеснік дырэктара ААТ «Камайскі-агра». У Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю. Перспектыўны малады спецыяліст. Любоў да зямлі яму перадалася ад бацькоў.

Павел выбраў для сябе жыццё ў Мінску. Станіслаў праходзіць тэрміновую ваенную службу ў Пячах. А Вікторыя — дзесяцікласніца. У бацькоўскім доме дзеці збіраюцца не толькі ў святы. Спяшаюцца і на дапамогу па гаспадарцы. Купраны трымаюць трох кароў, цялушку, свіней і розную іншую жыўнасць. Каб назапасіць кармоў, трэба пастарацца. І дзеці — першыя памочнікі.

Ферма – другі дом

32 гады запар пасля службы ў арміі Валерый спяшаецца на ферму. Яна стала для яго другім домам. На выхадны ідзе толькі ў тым выпадку, калі трэба куды адлучыцца. І гэтым часам хвалюецца за сваіх гадаванцаў. Прыехаўшы на раённы ўрачысты сход па падвядзенні вынікаў работы за мінулы год і ўшанаванні лаўрэатаў звання «Чалавек года Пастаўшчыны», глядзеў святочны канцэрт, а ў думках быў на ферме. Цяпер ён даглядае больш за 260 цялят. Згодна з вагой і ўзростам яны падзеленыя на 4 групы. Для кожнай скла­дзены адпаведны рацыён. Прыйшоўшы раніцай, ацэньвае стан здароўя жывёлы. Кормараздатчык раскідвае сянаж на кармавы стол, а Валерый падмятае праходы, правярае спраўнасць паілак. Трэба — сам адрамантуе паломку абсталявання. Прыво­зіць на кані са склада муку і раздае цялятам.

— Тых, якія ў малодшай групе, кармлю «снікерсамі» (так жывёлаводы называюць сянаж у стрэйч-плёнцы — аўт.), — расказваў Валерый. — Рулоны да фермы дастаўляе трактар, а я раскручваю іх, загружаю на цялегу і развожу па ферме. Калі «Амкадор» вычысціць стойлы ад гною, завязе салому, раскручваю рулоны і раблю падсцілку. Сёння тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы памяняліся: шматлікія працэсы механізаваныя. Але і ручной працы хапае. Я грамадскі статак імкнуся даглядаць так, быццам гэта свая жывёла. Галоўнае — рабіць усё свое­часова, не адкладваць на потым.

Калі быкі набіраюць вагу больш за 500 кілаграмаў, іх адпраўляюць на мясакамбінат. Вызваленае месца запаўняюць іншымі цялятамі.

— Цяпер многія маладыя, пачынаючы жыццёвы шлях, хо­чуць мець усё і адразу, — разважаў Валерый. — Каб штосьці на­жыць, трэба старанна і з жаданнем працаваць, не лічыцца з часам, не думаць пра тое, каб хутчэй закончыўся рабочы дзень, і спяшацца дадому. Такое маё разуменне. Гэтаму вучу і сваіх дзяцей.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.