З раніцы — у поле, вечарам — за стол
Сёння аднаму з найлепшых механізатараў ААТ «Навасёлкі-Лучай» Аляксандру Федаронку спаўняецца 50 гадоў.
З 6 гадзін раніцы, пакуль зямля скавана марозам, Аляксандр рупіцца на падсеве сенакосаў. Бліжэй к абеду, калі падымецца сонца, работу завершыць. Вернецца дадому і разам з жонкай Алесяй, 13-гадовай дачушкай Насцяй будзе чакаць у госці сына Ілью з нявесткай, іншых родных.
Сашу было 13, калі памёр яго бацька. Праз пэўны час маці звязала свой лёс з іншым чалавекам. Уладзімір Бураў прыняў хлопца, як роднага. І цяпер у іх самыя цёплыя адносіны.
Аляксандр закончыў Пастаўскае прафтэхвучылішча, служыў у войсках Міністэрства абароны Савецкага Саюза. А калі СССР распаўся, даслужваў на Пастаўшчыне, у Касцянях.
— Ніколі не ўяўляў свайго жыцця ў вялікім горадзе, — расказваў Аляксандр Федаронак. — Таму і вярнуўся да мамы і Валодзі. З таго часу з трактарам не разлучаюся.
Так як мяняюцца поры года, так мяняецца і работа, якую даручаюць механізатару. Сёлетняй зімой грузіў кармы, вывозіў гной ад фермы ў Курдах. Нядаўна прыступіў да падсеву траў. На чарзе — ворыва глебы, затым — сяўба яравых. Летась азімымі засеяў усе палі цешалаўскага аддзялення. Падчас корманарыхтоўкі звычайна працуе на трактары з касілкай. Любую работу выконвае прафесійна, усюды дабіваецца высокіх вынікаў.
Яго жыццё простае і правільнае. Вясковец жыве ў згодзе з сабой і сваім сумленнем, атрымлівае задавальненне ад работы і ні на што не наракае.
Анна Анішкевіч