Паступіў сігнал на адсутнасць сігналу
Час ад часу аператар мабільнай сувязі МТС дасылае мне SMS-паведамленне з прапановай ацаніць якасць паслуг, адначасова дзякуючы, што з’яўляюся яго кліентам. Шчыра кажучы, нараканняў да кампаніі не маю. А вось у жыхароў Гуты напрыканцы студзеня яны з’явіліся, пра што вяскоўцы і напісалі ў рэдакцыю райгазеты.
У лісце, які па даручэнні пенсіянераў вёскі Гута нам даслала Галіна Болт, так і пішацца: «Выказваем праз газету шчырую няўдзячнасць МТС за адсутнасць сувязі». Далей тлумачыцца, што яна знікла ва ўсіх уладальнікаў кнопкавых тэлефонаў пасля падключэння нядаўна пабудаванай вышкі. І што самае цікавае, яе ўзвядзенне прадугледжвала большую, чым была да гэтага, зону пакрыцця, паляпшэнне якасці сувязі і інтэрнэту. Каб высветліць усе акалічнасці, адпраўляюся на месца. Па дарозе заязджаю ў Варапаеўскі сельвыканкам.
— Праблема сапраўды існуе, — пацвярджае яго старшыня Іна Касарэўская. — Першы зварот паступіў амаль тры тыдні таму. Былі і наступныя. Людзі скардзяцца, што пасля падключэння апаратуры на новай 73-метровай вышцы перасталі працаваць кнопкавыя тэлефоны. Іх маюць у асноўным пенсіянеры. Налічылі такіх больш за 30 чалавек. Пасля першага звароту патэлефанавала ў службу падтрымкі МТС, дзе мне патлумачылі, што на вышцы адключана функцыя 2G, і параілі жыхарам Гуты набыць сучасныя тэлефоны альбо паспрабаваць перазагрузіць існуючыя. Так да людзей адносіцца нельга. Тым больш што гэта пераважна пажылыя. Не ўсе з іх могуць набыць дарагую рэч і — што не менш істотна — навучыцца ёй карыстацца. Таксама мне было агучана, што наша праблема — не праблема: зону пакрыцця павінны забяспечыць вышкі суседніх населеных пунктаў.
Зразумела, такі адказ Іну Генадзьеўну не задаволіў, і яна, патэлефанаваўшы яшчэ раз, пакінула афіцыйны зварот. Адказу пакуль няма. Паралельна дабіцца праўды спрабуюць і жыхары Гуты: «абрываюць» тэлефон службы падтрымкі МТС, пішуць калектыўныя пісьмы ў кампанію, звяртаюцца на гарачую лінію райвыканкама. У іх ліку і справавод мясцовага сельвыканкама Аксана Беланожка.
— Кнопкавы тэлефон у майго мужа, — расказвала жанчына. — Сувязь, акрамя магчымасці зрабіць экстранныя вызавы, у яго знікла 21 студзеня. Звярнуліся на нумар 0890, які знайшлі на сайце кампаніі, і праз некаторы час атрымалі SMS-ку: «… На жаль, у нас на сетцы ўзнікла няштатная сітуацыя. На дадзены момант праблема ўхілена». Можа, дзе і ўхілена, толькі не ў нас. На паўторны зварот атрымалі адказ, што абмежаванняў сувязі з боку МТС не выяўлена, параілі перазагрузіць тэлефон для перарэгістрацыі ў сетцы. Зрабілі. Але сувязі як не было, так і няма. Хацелі пакінуць пісьмовы зварот — не знайшлі ні адраса, ні электроннай формы для запаўнення звароту.
Не запрацаваў тэлефон пасля шматлікіх зваротаў і ў Галіны Болт. Вышка знаходзіцца зусім побач з яе домам, але на экране мабільніка няма ніводнай рысачкі, якія паказваюць узровень сігналу. Чытаю SMS-паведамленні, якія мне паказвае жанчына, і сярод стандартных сустракаю наступную: «Мы разгледзелі ваш зварот (указаны нумар). На жаль (……) (……) (……)». Упэўненая, што адказ быў без загадкі, а гэта толькі тэхнічны збой. Але ён вельмі красамоўна характарызуе якасць сувязі.
— Яшчэ да пачатку ўсёй гэтай гісторыі ў мяне падняўся ціск, сыны пра гэта ведалі, — успамінала Галіна. — Дзеці жывуць блізка, часта тэлефануюць. І вось я перастала выходзіць на сувязь… Яны так перапалохаліся, што прымчалі ў той жа дзень. Тым больш што мой муж ляжыць пасля інсульту. Зараз дзеці тэлефануюць на дамашні.
У размове высвятляецца, што Галіна Генадзьеўна ўжо спрабавала «пасябраваць» са смартфонам, які ёй прывезла ўнучка. Эксперымент аказаўся няўдалым і скончыўся тым, што ўстройства выслізнула з рук і разбілася.
З адсутнасцю «цывілізацыі» не хоча мірыцца і суседка Балтоў Галіна Язёнак. Гартаючы сшытак з занатаванымі ад рукі нумарамі тэлефонаў, расказвае, у якой паслядоўнасці і куды звярталася, каб вярнулі сувязь. «У мяне адносна сучасная мадэль тэлефона, хоць ён і кнопкавы, — гаварыла. — Але ў гэтай сітуацыі і мне, і іншым хочацца канкрэтыкі. Я, можа, і набыла б сабе тэлефон з сэнсарным экранам. А некаторым пакупка не па кішэні».
Пакутуюць ад неналежнай якасці аказваемых паслуг не толькі ўладальнікі просценькіх тэлефонаў (пенсіянерам яны патрэбны толькі для званкоў, некаторыя нават SMS-кі чытаць не ўмеюць), але і кліенты мабільнага інтэрнэту. Ён, па словах вяскоўцаў, «ляжыць». Ледзь «прымусілі» працаваць і плацежны тэрмінал у прыватным магазіне «Ивушка», які знаходзіцца за 15 метраў ад новай вышкі.
— Куды толькі яго ні прыстасоўвалі ў надзеі «злавіць» сігнал, — расказвала прадавец Лідзія Гінько. — «Ловіць» толькі на падаконніку. Бяру банкаўскую картку ў пакупніка і сама прыкладваю да тэрмінала. Добра яшчэ, што большасць карт — бескантактныя. Але ўсё роўна час марнуецца. Чакаем адказу ад кампаніі на зварот.
Рэдакцыя таксама спадзяецца на адказ. Станоўчы.
Вераніка Філановіч