За дапамогу пагранічнікам
Па хадайніцтве камандавання 1-га ваеннага шпіталя загадчык паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Міхаіл Петух і галоўны ўрач Браслаўскай ЦРБ Аляксандр Макарэвіч узнагароджаны нагрудным знакам выдатнасці «За дапамогу органам пагранічнай службы». Нагрудны знак і пасведчанне да яго медыкам ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў намеснік Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі генерал-маёр Сяргей Новікаў.
Узнагароды ад імя кіраўніка пагранічнага ведамства Анатолія Лапо Міхаіл Лявонцьевіч удастоены за дапамогу ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй.

— Летась шпіталь з’яўляўся зонай, вольнай ад рэспіраторных інфекцый, у тым ліку ад COVID-19. Таму ў той перыяд яго супрацоўнікі абследаваліся, лячыліся і вакцынаваліся ў нашай медустанове, — патлумачыў загадчык паліклінікі ЦРБ Міхаіл Петух. — Таксама наша бальніца падставіла плячо ваенным калегам у аказанні медыцынскай дапамогі ваеннаслужачым — афіцэрам, прапаршчыкам, салдатам. Яна ажыццяўлялася ў дачыненні як да пагранічнікаў, так і да вайскоўцаў усіх воінскіх часцей, што размяшчаюцца на тэрыторыі Пастаўскага раёна.

Нагрудны знак выдатнасці «За дапамогу органам пагранічнай службы» з’яўляецца найвышэйшай узнагародай пагранічнага ведамства для цывільных асоб. Ім узнагароджваюцца грамадзяне за дапамогу, аказаную пры затрыманні парушальнікаў граніцы, за асаблівыя заслугі ў ахове Дзяржаўнай граніцы, актыўнае садзейнічанне ў прапагандзе гісторыі і традыцый пагранічнай службы, уклад у рэалізацыю дзяржаўнай пагранічнай палітыкі.
Вераніка Філановіч
Фота аўтара і даслана Пастаўскай ЦРБ