Падушкі-«думкі» адганяюць маркотныя думкі
Напісаць пра захапленне Яніны Ашчэпкавай мяне папрасіла старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч.
— У Людвікаўны цэлая калекцыя падушачак, — гаварыла яна. — Пад’едзьце сфатаграфаваць.
Яніну Людвікаўну ведаю даўно, таму ахвотна адклікнулася на просьбу райсавета ветэранаў. І вось я ў кватэры Ашчэпкавых па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры. Гаспадыня адразу ж праводзіць у пакой, дзе ўся канапа застаўлена невялікімі дэкаратыўнымі падушкамі. Зрэшты, ці ведаеце вы, што ў народзе іх называюць думкамі ці думачкамі? Магчыма, таму, што, прылёгшы на канапе, адну можна пакласці пад шчаку, а другой накрыць вуха. Так бы мовіць, адгарадзіцца ад усіх знешніх гукаў і засяродзіцца на думках.
Яніна Ашчэпкава рукадзеллем раней не займалася. Яна мае швейную машынку, але карысталася ёй рэдка — страчыла толькі самае неабходнае. Аднойчы трапіла на лячэнне ў тэрапеўтычнае аддзяленне ЦРБ. У палаце пазнаёмілася з пастаўчанкай Леанардай Адамовіч. Яна шмат расказвала, як шые і аздабляе падушачкі. І так зацікавіла субяседніцу, што тая пасля выпіскі паехала да рукадзельніцы, каб пабачыць яе вырабы. Спадабаліся. Пасля атрыманага «майстар-класа» вырашыла заняцца сама.
— Новую тканіну не купляю, — расказвала жанчына. — Хапае таго, што ёсць: старыя сукенкі, падкладачны матэрыял, кавалкі іншай тканіны — усё ідзе ў справу. Падушкі набіваю сінтэпонам, а потым дэкарырую, як умею. Для мяне важны сам працэс: занятыя рукі, думкі сканцэнтраваныя на ўзорах, а не на цяжкіх успамінах, — праступаюць на вачах маёй субяседніцы слёзы.
Яніна Людвікаўна перажыла вялікае гора — дачасна страціла абодвух сыноў. У 2014 годзе Сяргей, які працаваў дальнабойшчыкам, у Пензе трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне і атрымаў цяжкія траўмы. Паўтара месяца праляжаў там у бальніцы. Пражыў пасля аварыі ўсяго два гады.
— Але нездарма кажуць, што бяда адна не прыходзіць, — працягвала жанчына горкі ўспамін. — На тым жа тыдні, калі Сярожа трапіў у аварыю, у Даўгаўпілсе памёр мой другі сын, Міша — былы ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Я не змагла забраць яго цела, каб спачываў у роднай зямлі, і нават не трапіла на пахаванне. Пазней з унукам ездзіла некалькі разоў на магілу. Паставіла на ёй крыж, надмагільнік, дыхтоўную агароджу.
12 гадоў таму Яніна звязала свой лёс з былым удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Віктарам Іванавічам Ашчэпкавым.
— Шаную свайго Іванавіча, — казала. — Калі ўсё будзе добра, налета адзначым яго 100-гадовы юбілей. А ён таксама клапоціцца, каб я не стамлялася. Ведае, што перанесла інфаркт і інсульт, тры аперацыі. Калі доўга засяджуся за вырабам чарговай падушкі, нервуецца, кліча адпачываць.
Пакуль мы размаўлялі, я зноў і зноў разглядвала дыванную міні-выставу яе вырабаў. «Хіба ж гэта ўсе? — адзначыла гаспадыня. — Ёсць мае падушачкі не толькі ў Паставах,але і ў Наваполацку, Баранавічах, Літве.
І гэта цудоўна, калі падораная часцінка тваёй працы і душы кагосьці сагравае.
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара