Пачалі з верша, закончылі – пытаннямі
Напрыканцы мінулага тыдня ў аддзяленні дзённага знаходжання ТЦСАН прайшла дыялогавая пляцоўка «Старэйшае пакаленне — за актыўнае даўгалецце: пытанні і перспектывы».
Адкрылася яна лірычна — наведвальніца аддзялення Вера Купко прачытала верш пра Беларусь. Прывяду некалькі радкоў з яго: «Ты честная, красивая, святая и счастливая,/ Ты звёздная и ясная, душевная, прекрасная,/ Ты Господом хранимая, старинная, ранимая,/Страна трудолюбивая, законно справедливая».
Пранікнёныя вершаваныя словы не маглі не настроіць аўдыторыю на шчырую і адкрытую размову пра будучыню роднай краіны, а значыць і сваю, сваіх дзяцей і ўнукаў. Пачала яе старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч. Самая надзённая тэма — рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, які назначаны на 27 лютага. Ганна Францаўна праінфармавала пра тое, што ўжо створаны раённая камісія і ўчасткі для галасавання, а ў найбліжэйшыя дні адбудзецца вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых камісій, заклікала прысутных прыняць актыўны ўдзел у галасаванні. Падкрэсліла што ў раёне актыўна прайшло абмеркаванне праекта Канстытуцыі, унесена шмат прапаноў. Спынілася канкрэтна на некаторых з іх. А затым перайшла непасрэдна да тэмы дыялогавай пляцоўкі «Старэйшае пакаленне — за актыўнае даўгалецце: пытанні і перспектывы».
У нашай краіне створана заканадаўчая база, якая вызначае дзяржаўную палітыку ў рабоце з пажылымі людзьмі, распрацавана сістэма мер па забеспячэнні іх жыццядзейнасці і паўнапраўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. У снежні 2020 года ўрад краіны прыняў комплексны дакумент, які вызначае напрамкі развіцця з улікам магчымасцей і патрэб пажылых. Гэта Нацыянальная стратэгія Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце-2030», накіраваная на ўзмацненне мер сацыяльнай абароны пажылых. Неабходнасць распрацоўкі дакумента выклікана такой дэмаграфічнай з’явай, як старэнне насельніцтва. У краіне амаль 1,5 млн людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых. Гэта 15,8% ад агульнай колькасці насельніцтва.
Старэнне насельніцтва — не толькі выклікі, але і новыя магчымасці для развіцця грамадства. Зараз у краіне працягваюць працаваць амаль 20% грамадзян, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту. У рамках рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі робіцца акцэнт на павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку спецыялістаў перадпенсійнага ўзросту. Акрамя таго, падтрымліваецца ініцыятыва па арганізацыі ўласнай справы. Для самарэалізацыі пажылых дзейнічаюць клубы і цэнтры для зносін, спартыўныя пляцоўкі, басейны, школы актыўнага даўгалецця. Усё шырэй у краіне развіваецца сацыяльнае абслугоўванне: зараз дзейнічае 146 тэрытарыяльных цэнтраў і 83 дамы-інтэрнаты.
У Дунілавіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце пражываюць не толькі пажылыя людзі, але і маладыя, якія маюць групу інваліднасці. Дырэктар установы Алег Дарафееў прадэманстраваў слайды, якія адлюстроўвалі яе дзейнасць, расказаў пра ўмовы знаходжання пастаяльцаў, іх медыцынскае абслугоўванне, ажыццяўленне праекта «Здароўе — рух», прыцягненне да пасільнай працы, спартыўных заняткаў, удзел у гуртках па інтарэсах.
Вельмі даступна і пераканаўча, у тым ліку аперыруючы мясцовымі фактамі, вяла дыялог з прысутнымі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч. Аўдыторыю цікавіла тэма размовы, таму і ўдакладненняў, прапаноў, пытанняў у прысутных было шмат. Кампетэнтныя адказы пажылыя людзі атрымалі не толькі ад вышэйназваных выступоўцаў, але і ад намесніка начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Пастаўскім раёне Таццяны Патрушавай, намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяны Багушэвіч, намесніка дырэктара ТЦСАН Вольгі Антух. Несумненна, што грунтоўны дыялог у нязмушанай абстаноўцы пойдзе на карысць усім яго ўдзельнікам.
Фаіна Касаткіна