Захоўваем памяць
Ідзе Год гістарычнай памяці. У нагу з ім крочыць і школьны музей баявой і працоўнай славы СШ №2 імя Н. М. Асяненкі.
7 лютага ў ім пабывала здымачная група міжнароднага тэлеканала «Мір». Для дакументальнага фільма, які плануецца паказаць па тэлебачанні летам, журналістам спатрэбіўся матэрыял пра нашу зямлячку, Героя Савецкага Саюза Ганну Маслоўскую. У музеі яны зрабілі шмат фотаздымкаў і знялі мой расказ пра мірнае жыццё і гераізм партызанкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вядучая і сцэнарыст фільма шчыра падзякавала і зазначыла, что даведалася шмат новага і цікавага, акрамя тых звестак, якія знайшла ў інтэрнэце.
У гэты дзень была арганізавана і паездка ў вёску Курсевічы (там знаходзіцца хата, у якой нарадзілася і вырасла гераіня), дзе таксама праходзілі здымкі.
У нашым музеі працягваюцца экскурсіі ваеннай тэматыкі, у тым ліку і пад назвай «Н. М. Асяненка — мужная патрыётка з Пастаўшчыны». Да 33-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана прайшоў цыкл экскурсій «Воіны-інтэрнацыяналісты». На іх прысутнічалі вучні пачатковых і сярэдніх класаў нашай школы, а таксама шасцікласнікі СШ №3.
19 лютага музей наведаў госць — воін-інтэрнацыяналіст Іосіф Пяткоўскі, настаўнік чацвёртай гарадской школы. З яго аповеду мы даведаліся, што ў 1986 годзе ён скончыў Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. І ў снежні 1987-га пасля пэўнай падрыхтоўкі ўжо быў у Кабуле. Адсюль накіравалі ў г. Гардэз, ва ўмацаваны раён.
Я знайшла гэты горад на карце. Сталіца Афганістана, Кабул, і асабліва горад Гардэз знаходзяцца побач з граніцай з Пакістанам. Вядома, што пастаўкі амерыканскай зброі для душманаў у асноўным ішлі з пакістанскай тэрыторыі. Таму зразумела, наколькі складанай была служба воіна-інтэрнацыяналіста. Іосіф Іванавіч успомніў кінафільм «9-я рота», зазначыўшы, што ў яго службе было шмат падабенства з эпізодамі фільма.
Студзень 1988 года. Вяртанне на базу. Асноўная задача блокпастоў — прадухіліць пранікненне маджахедаў на адлегласць ракетнага выстрала. Вясной таго ж года Іосіф Пяткоўскі знаходзіўся на брыгадным стрэльбішчы. Тут нават яму, сувязісту, давялося несці каравульную службу. Небяспека падсцерагала паўсюль. Ноч, вышка, аўтамат, кулямёт… Ты ў адказе за таварышаў. А нападзенні бандытаў часта здараліся ноччу.
Ужо ў чэрвені 1988 года пачаўся частковы вывад савецкіх войск з Афганістана. Уся структура блокпастоў перадавалася воінам Афганскай арміі. Цяжкай была дарога назад з-за перасечанай мясцовасці. На перавале Саланг кунг сарваўся ў бездань. Пасля спуску з гор трапілі ў пустыню. І вось нарэшце мост праз раку і доўгачаканы Узбекістан…
Вучні ўважліва слухалі расказ воіна-інтэрнацыяналіста, задавалі яму пытанні. Мы шчыра ўдзячныя Іосіфу Іванавічу за вельмі патрэбны сёння змястоўны аповед і павіншавалі яго з Днём абаронцаў Айчыны.
Рэгіна Ластоўская, кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2 імя Н. М. Асяненкі