«Паставы гарадок» – сінонім высокай якасці
Міжнародная выстава «Прадэкспа-2022» — найбуйнейшы галіновы форум ва Усходняй Еўропе — прайшла ў Маскве. Сваю прадукцыю на ёй прэзентаваў і Пастаўскі малочны завод.
— Сёлета ў выставе ўдзельнічалі больш за 2,5 тысячы кампаній з 70 краін свету, — расказваў намеснік дырэктара завода па камерцыйных пытаннях і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Аляксандр Танана. — Там было ўсё: ад бакалеі і кандытарскіх вырабаў да элітных далікатэсаў і рэдкіх напіткаў, а таксама арганічныя прадукты, спартыўнае харчаванне. Беларусь — хэдлайнер экспазіцыі. Каля 80 прадпрыемстваў прывезлі сваю прадукцыю. У топе была палітра малочных прадуктаў. Як толькі пачыналася дэгустацыя, каля беларускіх стэндаў — аншлаг. Людзей прываблівае натуральнасць.
Пастаўскі малочны завод пастаўляе на экспарт 35 відаў сыру і 4 — масла. Іх добра ведаюць і любяць у Маскве, Калінінградзе, Новасібірску, Хабараўску і іншых гарадах Расіі. Пастаўкі пастаўскіх сыроў распісаны на некалькі месяцаў наперад. І ўсё таму, што прадукцыю гандлёвай маркі «Паставы гарадок» вызначае высокая якасць. Гэтаму на прадпрыемстве надаюць вялікую ўвагу: абнаўляюць абсталяванне, удасканальваюць тэхналогію вытворчасці і рэцэптуру прадукцыі, сочаць за трэндамі. Тут распрацаваны і дзейнічаюць усе неабходныя сістэмы менеджменту якасці і бяспечнай прадукцыі, таму яна і карыстаецца попытам як на беларускім, там і на замежным рынку.
— «Прадэкспа» — своеасаблівая бізнес-пляцоўка для дзелавых сустрэч і падпісання выгадных кантрактаў, — працягваў Аляксандр Танана. — Удзел у ёй дае магчымасць сустрэцца з нашымі пастаяннымі партнёрамі. Два гады мы ў выставе не ўдзельнічалі, таму сёлета асабліва радыя нам былі партнёры з Узбекістана. З-за пандэміі ім прыйшлося замарозіць ці перапрафіляваць свой бізнес. Цяпер сітуацыя паляпшаецца. Спадзяёмся, што ў хуткім часе мы адновім пастаўкі прадукцыі ў гэту краіну. Увогуле, усе партнёры цэняць нашу вернасць доўгатэрміновым адносінам, выкананне намі ўзятых на сябе абавязацельстваў.
Спецыялісты Пастаўскага малочнага завода на «Прадэкспа-2022» не толькі прэзентавалі прадукцыю, але і правялі прадукцыйныя перагаворы з 54 патэнцыяльнымі партнёрамі. Сярод іх — прадстаўнікі вядучай прадуктовай рознічнай кампаніі Расіі X5 Group, якая кіруе партфелямі брэндаў сеткавых магазінаў «Пятёрочка», «Перекрёсток», а таксама рознічнай сеткі магазінаў «Магнит».
— Нягледзячы на няпростую эпідсітуацыю, удзельнікаў і наведвальнікаў на выставе было шмат, — гаварыў Аляксандр Танана. — Гэта закупшчыкі федэральных і лакальных сетак, стратэгічныя заказчыкі харчовай галіны Расіі і краін Еўразійскага эканамічнага саюза, прадстаўнікі рэстаранаў, бараў, кафэ, а таксама звычайныя спажыўцы. Яны падыходзілі да нашага стэнда, хвалілі прадукцыю гандлёвай маркі «Паставы гарадок», сцвярджалі, што з’яўляюцца яе пастаяннымі пакупнікамі. Гэта прыемна.
Кожны такі форум для Пастаўскага малочнага завода — бясцэнны вопыт, новыя знаёмствы, кантракты і партнёры, магчымасць расшырыць геаграфію рэалізацыі прадукцыі.
Анна Анішкевіч