Найвышэйшая з узнагарод – жыццё, лічыць воін-інтэрнацыяналіст Іван Юркайць.
Іван Юркайць у 1983 годзе закончыў Пастаўскае прафтэхвучылішча, атрымаў пасведчанне вадзіцеля і механізатара, на работу ўладкаваўся ў мясцовы калгас «Ударнік». 23 верасня адгуляў вяселле старэйшай сястры Уладзіславы, 25-га атрымаў павестку з ваенкамата, а 27-га прызваўся на тэрміновую службу. У вучэбку трапіў ва Усць-Каменагорск, што ў Казахстане. Адразу стала зразумела: навабранцаў рыхтуюць да службы ў Афганістане.
— Сэрца, вядома, трывожылася, — успамінаў Іван. — Але разам са мной былі Славамір Міхновіч з Лучая, Антон Гайдукевіч з Навасёлак, аднагрупнік Ігар Шарыпаў з Чорнага і Саша Урбель з Турлаў. А гэта так шмат значыць, калі побач блізкая душа. Тры месяцы вучобы і трэніровак праляцелі хутка. Прынялі прысягу, і каталіцкія Каляды я сустрэў ужо ў Кабуле. Маіх землякоў адправілі ў Баграм.
Чужая краіна і мова, непрывычны клімат, калі днём тэмпература паветра падымаецца да плюс 50 градусаў, а ноччу апускаецца да 10, недахоп прэснай вады, якую прывозілі па 5 тон на батальён. І вайна — жорсткая, з крывёй і смерцю. Родным Іван не прызнаўся, што служыць у Афганістане. Пісьмы пісаў кароценькія, прасіў за яго не хвалявацца, больш распытваў пра бацьку і маці, сясцёр Людмілу і Уладзіславу, брата Тадэвуша, вясковыя справы.
— Тадзік за мяне старэйшы на 6 гадоў, — працягваў расказваць Іван. — Служыў у Венгрыі. На канвертах з яго пісьмамі таксама быў адрас палявой пошты. Таму бацькі думалі, што і я ў Еўропе. Толькі праз год аднавясковец Леанід Танана, які быў прапаршчыкам пры штабе, што мы ахоўвалі, прыехаў у водпуск і прагаварыўся. Мама, калі даведалася, у якім я пекле, стала яшчэ больш маліцца і прасіць Усявышняга захаваць мне жыццё.
Атрад, дзе служыў Іван Юркайць, выконваў комплекс задач па абароне важных ваенных і грамадзянскіх аб’ектаў, у тым ліку тэлебачання і радыё Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан, тэлевышкі. Мой суразмоўца неахвотна ўспамінаў гады службы і перажытае ў той час.
Папрасіла паказаць фотальбом. На калені да дзядулі сеў сямігадовы ўнук Арцём, які прыехаў у Лучай з Наваполацка на канікулы. Перабіраем фотаздымкі. На іх — юны салдат Юркайць то з аўтаматам у руках, то з маленькім хлопчыкам (сынам саветніка) ля басейна, то з сябрамі-аднапалчанамі. Яго служба ў Афганістане расцягнулася амаль на два з паловай гады. Пасля загаду аб звальненні яшчэ да лютага 1986 года чакаў замены.
— У нас не пыталіся, трэба гэта ці не, справядліва ці несправядліва, — разважаў Іван. — Нам аддавалі загад. I мы ішлі туды, куды накіроўвалі. Там, у неймаверна складаных умовах, удалечыні ад дома, падвяргаючыся небяспецы, савецкія салдаты захавалі вернасць ваеннай прысязе, годна выканалі свой абавязак, праявілі найлепшыя чалавечыя якасці: мужнасць, стойкасць, высакароднасць. У Афганістане мы набылі ўнікальны баявы вопыт, адчулі, што такое плячо сябра, навучыліся цаніць жыццё. А лёс у кожнага свой. 20-гадовы Саша Урбель быў цяжка паранены душманамі і памёр у шпіталі. Пахаваны ў роднай вёсцы. Славік Міхновіч і Антон Гайдукевіч трагічна загінулі на роднай зямлі, і іх вечны спачын — на лучайскім могілках. Таму з усіх узнагарод, якія маю, найвышэйшай лічу жыццё. Не дай Бог ні аднаму пакаленню нашчадкаў перажыць тое, што выпала нам. Падрастаюць унукі. Хочацца ім лепшай долі: каб жылі пад мірным небам Беларусі і ім ніколі не давялося выконваць інтэрнацыянальны абавязак.
Іван Юркайць верны малой радзіме і зямлі. Адслужыўшы, вярнуўся дадому. З таго часу працуе вадзіцелем у ААТ «Навасёлкі-Лучай».
Анна Анішкевіч