Какие существенные изменения-2022 произошли в Кодексе об образовании Беларуси?

Образование

Новае ў адукацыі

Набыў моц Закон Рэспублікі Беларусь ад 14.01.2022 №154-3, якім прадугледжана новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. У абноўлены дакумент унесена шмат паправак і навацый. З 2022/2023 навучальнага года ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу трэба будзе вучыцца і працаваць па правілах абноўленага кодэкса. Пра самыя істотныя навацыі расказвае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава.

Какие существенные изменения-2022 произошли в Кодексе об образовании Беларуси?

У дачыненні да дашкольнікаў

Упершыню ў Кодэкс аб адукацыі ўведзена норма, якая датычыць магчымасці рэалізацыі праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта дазволіць право­дзіць гуртковую і іншыя формы работы для развіцця здольнасцей выхаванцаў. Таксама з’явіцца магчымасць атрымліваць дома дашкольную адукацыю дзецям, якім па медыцынскіх паказаннях нельга наведваць сады.

Мясцовым распарадчым і выканаўчым органам дадзены паўнамоцтвы па змяненні норм напаўняльнасці груп пры наяўнасці аб’ектыўных абставін і станоўчым заключэнні санітарнага нагляду.

Калі яшчэ няма 6 гадоў

У новай рэдакцыі прапісана, што ў 1 клас па-ранейшаму залічваюцца дзеці, якім да канца верасня спаўняецца 6 гадоў. З будучага навучальнага года ўводзіцца магчымасць прымаць у парадку выключэння і тых, каму 6 гадоў спаўняецца да канца каляндарнага года. Адзін з бацькоў піша заяву ва ўстанову адукацыі, а яе кіраўнік пасля ўзгаднення з педсаветам прымае такое рашэнне.

Какие существенные изменения-2022 произошли в Кодексе об образовании Беларуси?

Сярэдняя адукацыя – абавязковая

Калі ў цяперашняй рэдакцыі кодэкса абавязковай з’яўляецца агульная базавая адукацыя, то ў абноўленай — агульная сярэдняя. Але гэта не значыць, што ўсе дзеці абавязаны да 11 класа вучыцца ў школе. Як і раней, выпускнікі 9 класа змогуць атрымліваць агульную сярэднюю адукацыю як у школе, так і ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэднеспецыяльнай адукацыі.

Усе – роўныя

У адпаведнасці з кодэксам, які дзейнічае зараз, ва ўстановах адукацыі колькасць навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця абмяжоўваецца 20 працэнтамі. У новай рэдакцыі гэта норма выключана: усе вучні роўныя ў школе і маюць роўны доступ да навучання.

Важным аспектам стане павелічэнне тэрміну атрымання спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй для людзей з інтэлектуальнай недастатковасцю ў другім аддзяленні спецыяльнай школы, а таксама ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі — з 9 да 10 гадоў. Таксама будзе магчымасць спалучаць навучанне дома з заняткамі ва ўстановах адукацыі. Гэта пасадзейнічае лепшай сацыялізацыі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Какие существенные изменения-2022 произошли в Кодексе об образовании Беларуси?

У 10 клас гімназіі – па конкурсе

Навучэнцы, якія закончылі 4 класы гімназіі, у 5-ы прымаюцца без экзаменаў. А вось гімназісты-дзевяцікласнікі змогуць трапіць у 10 клас навучальнай установы толькі на конкурснай аснове. Прыём у 10 клас бу­дзе ажыццяўляцца па сярэднім бале пасведчання аб агульнай базавай адукацыі і адзнаках па прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні.

З’явіцца аб’яднаны экзамен

У кодэксе замацавана, што выпускнікі 11-х класаў будуць здаваць асобныя прадметы ў форме цэнтралізаванага экзамену. Сертыфікаты экзаменаў будуць залічвацца пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Такім чынам зменшыцца нагрузка на абітурыентаў. Тэсты для правядзення такога экзамену, як і тэсты для ЦТ, будуць распрацаваны Міністэрствам адукацыі.

Вучыцца дыстанцыйна

Важнае новаўвядзенне — узаконьванне дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі. Раней такая форма рэалізоўвалася ў рамках завочнага атрымання адукацыі або ў якасці эксперыменту. Па новай рэдакцыі, яна становіцца паўнапраўнай формай. Для навучэнцаў і студэнтаў, якія не маюць магчымасці па стане здароўя штодня наведваць навучальныя ўстановы, гэта новаўвядзенне дае магчымасць пастаянна заставацца ў працэсе навучання. Выру­чыць дыстанцыйнае навучанне і ў перыяды абвастрэння эпідэміялагічнай абстаноўкі, калі давя­дзецца браць паўзы ў вочным навучанні.

Навучальны год стаў даўжэйшы

Мяняецца працягласць навучальнага года. Ён будзе доўжыцца не з 1 верасня па 1 чэрвеня, як зараз, а з 1 верасня па 31 жніўня. Але хвалявацца не варта: вучыцца даўжэй не давядзецца. Гэта новаўвядзенне датычыць толькі работнікаў устаноў адукацыі. У перыяд летніх канікулаў выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі не спыняецца. Настаўнікі працуюць, дзейнічаюць дзіцячыя лагеры, праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы.

Упарадкоўваюцца назвы

Абноўлены кодэкс упарадкоўвае назвы ўстаноў адукацыі (пры гэтым іх колькасць не павінна змяніцца). У дашкольнай адукацыі замест 6 назваў устаноў застануцца 3: дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. У агульнай сярэдняй адукацыі застануцца ў мінулым назвы: дзіцячы сад—пачатковая школа, дзіцячы сад—базавая школа, дзіцячы сад—сярэдняя школа. Яны будуць называцца пачатковымі, базавымі і сярэднімі школамі і мець права рэалізоўваць праграму дашкольнай адукацыі. Усе ўстановы прафадукацыі будуць называцца каледжамі. Застануцца 3 віды ўстаноў вышэйшай адукацыі: інстытут, акадэмія (кансерваторыя), універсітэт.

Рыхтуючы спецыялістаў

Зрабіць заказ на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі да гэтага часу мелі толькі арганізацыі, якія знаходзяцца ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва не больш за 20 тысяч чалавек. Новы кодэкс здымае такое абмежаванне. Адбіраць сабе патэнцыяльных абітурыентаў для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі з новага навучальнага года будуць і арганізацыі, якія знаходзяцца ў буйных населеных пунктах.

Скарачаюцца тэрміны атрымання прафтэхадукацыі на аснове агульнай сярэдняй аду­кацыі. На дзённай форме навучання ён складзе 6-12 месяцаў замест цяперашніх 1-2 гадоў. Дзецям-сіротам і асобам з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымаюць прафесійную адукацыю, будуць выдавацца накіраванні на работу на забраніраваныя месцы.

Выхоўваць патрыётаў

Новай рэдакцыяй кодэкса прадугледжана таксама ўзмацненне выхаваўчага працэсу. Асноўным яго складніком з’яўляецца ідэалагічнае выхаванне. Яно накіроўваецца на фарміраванне ведаў асноў дзяржаўнай ідэалогіі, прывіццё падрастаючаму пакаленню агульначалавечых, гуманістычных каштоўнасцей, ідэй, перакананняў, якія адлюстроўваюць сутнасць беларускай дзяржаўнасці. Яшчэ адзін важны момант — грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, накіраванае на фарміраванне грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму, прававой, палітычнай і інфармацыйнай культуры. Выхаваўчая работа ў пазаўрочны час будзе накіравана на фарміраванне павагі да памяці абаронцаў Айчыны, закону і правапарадку, беражлівых адносін да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа.

Запісала Фаіна Касаткіна
Фота Іны Сняжковай і Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.