Итоги работы за прошлый год и многое другое обсуждали на заседании Совета районного объединения профсоюзов

Общество

У цэнтры ўвагі быў і застаецца чалавек

Вынікі работы за мінулы год, сацыяльныя гарантыі, эпідсітуацыя і дапамога ў барацьбе з каранавірусам, змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь — гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўвалі на пасяджэнні савета раённага аб’яднання прафсаюзаў.

У склад савета ўваходзяць 98 чалавек, 4 з іх — старшыні раённых арганізацый галіновых прафсаюзаў. Амаль усе яны прысутнічалі на пасяджэнні. У яго рабоце ўдзельнічалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач, старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і яго намеснік Станіслаў Чымбург.

Итоги работы за прошлый год и многое другое обсуждали на заседании Совета районного объединения профсоюзов
Старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач са старшынёй райвыканкама Сяргеем Чэпікам і старшынямі: раённага аб’яднання прафсаюзаў — Інай Далецкай, райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў — Марыяй Ракоўскай і прафсаюза работнікаў АПК — Васіліем Катовічам

На сацыяльным партнёрстве

Пра работу раённага аб’яднання прафсаюзаў у мінулым годзе расказала прафсаюзны лідар раёна Іна Далецкая. Яна адзначыла, што аб’яднанне сумесна з пярвічнымі прафарганізацыямі і арганізацыйнымі структурамі галіновых прафсаюзаў право­дзіць значную работу па выкананні рашэнняў VIII З’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на 2020—2025 гады, якая будуецца на сістэме сацыяльнага партнёрства. Дзейнічае адно раённае пагадненне, 5 галіновых і 91 калектыўны дагавор. У іх унесены нормы, якія прадугледжваюць удзел прафсаюза ў разглядзе праектаў лакальных прававых актаў па пытаннях нарміравання, аплаты працы, працоўных праваадносін і інш.

У ліпені—снежні ва ўсіх пярвічных прафарганізацыях прайшлі справаздачныя сходы (канферэнцыі), на якіх абмеркавана работа прафсаюзных камітэтаў і рэвізійных камісій. На іх вялася дэталёвая размова па арганізацыйным і фінансавым умацаванні пярвічак, павышэнні матывацыі прафсаюзнага членства, удасканаленні работы па абароне працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў — членаў прафсаюза і іх сем’яў. Па-дзелавому, канструктыўна прайшоў такі сход у прафсаюзнай арганізацыі УП ЖКГ (старшыня — Людміла Чатовіч).

Итоги работы за прошлый год и многое другое обсуждали на заседании Совета районного объединения профсоюзов
Сяргей Чэпік уручае ўзнагароду Жанне Паповай

У мінулым годзе аднавілі агляд-конкурс сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый. У ім удзельнічалі 14 прафарганізацый. Пры падвядзенні вынікаў улічвалася работа, якую право­дзіць пярвічка, яе актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. 1-га месца ўдастоена прафарганізацыя АДРАЦ «Ветразь», 2-га — ТЦСАН, 3-га — аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (старшыні — Алена Дунец, Ганна Хромчанка і Вольга Лойка).

За мінулы год створаны 3 новыя прафсаюзныя арганізацыі. Станоўчым прыкладам у гэтым плане можа служыць пярвічка ТАА «Пастаўскі мясакамбінат». Спачатку ў яе складзе было 18 членаў прафсаюза, цяпер — 48. І ў гэтым немалая заслуга яе старшыні Алесі Малько. Усяго членамі прафсаюза ў раёне з’яўляюцца 8 688 чалавек.

Напрамкі розныя, і ўсе – важныя

Летась актуальным у дзейнасці раённага аб’яднання заставалася супрацьдзеянне распаўсю­джанню каранавіруснай інфекцыі, матэрыяльная падтрымка працоўных у няпростай эпідсітуацыі. На гэтыя мэты было сабрана 3 246 рублёў. Прафсаюзныя арганізацыі ААТ «Навасёлкі-Лучай», лясгаса і іншыя ўнеслі змяненні ў свае калектыўныя дагаворы, якія датычылі матэрыяльнага стымулявання правакцынаваных.

У полі зроку прафактыву — пытанні аховы працы. У маі мінулага года рэйдавай групай ФПБ у 10 арганізацыях раёна праведзены маніторынгі, выдадзена 6 рэкамендацый па ўхіленні 15 выяўленых парушэнняў норм і правілаў аховы працы, 4 даведкі. На пастаянным кантролі знаходзяцца пытанні своечасовай выплаты заработнай платы, няпоўнай занятасці насельніцтва.

2022-і ў Беларусі аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з працоўнымі калектывамі, моладдзю, ветэранскімі арганізацыямі і раней займалася добраўпарадкаваннем памятных мясцін, захаваннем памяці пра загінулых воінаў і мірных жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэту работу мяркуецца прадоўжыць і сёлета.

Итоги работы за прошлый год и многое другое обсуждали на заседании Совета районного объединения профсоюзов
З граматамі – Вольга Лойка, Снежана Януш, Ганна Хромчанка і Наталля Бажок

Прафсаюзы заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у культурных, спартыўна-аздараўленчых святах. Да пандэміі кіпела экскурсійнае жыццё. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з Белпрафсаюзкурортам. Найчасцей члены прафсаюза адпачываюць у нарачанскіх санаторыях, размешчаных за 30 кіламетраў ад нашага райцэнтра. Запатрабаванымі з’яўляюцца туры выхаднога дня.

У лютым мінулага года падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, райкамам ГА «БРСМ» і раённай ветэранскай арганізацыяй. Распрацаваны план мерапрыемстваў. Да іх падключаюцца іншыя раённыя грамадскія арганізацыі, такія як «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.

Без палітычных мэт

Прафсаюзы не ставяць перад сабой палітычных мэт, але ім неабыякавы лёс краіны, яе будучыня, стабільнасць, дабрабыт у сем’ях. Асноўным аб’ектам увагі быў і застаецца чалавек, які сваім розумам, сваімі рукамі будзе ажыццяўляць пастаўленыя задачы. І прафсаюзы як самая масавая грамадская арганізацыя ў стане гэтаму садзейнічаць. Яны не могуць заставацца ў баку ад тых падзей, якія адбываюцца ў грамадстве. Адразу пасля прыняцця Еўрасаюзам эканамічных санкцый у адносінах да Беларусі ФПБ падрыхтавала калектыўнае пісьмо і з подпісамі працоўных адправіла яго ў Савет Еўрасаюза. Падпісаліся пад ім і члены прафсаюзных арганізацый Пастаўшчыны.

Правядзенне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў супала з падрыхтоўкай да значнай падзеі ў краіне — рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстутыцыю Рэспублікі Беларусь. Яму папярэднічалі сустрэчы ў працоўных калектывах, дыялогавыя пляцоўкі. Іна Далецкая і старшыні галіновых прафсаюзаў правялі іх 35.

На пасяджэнні савета свае меркаванні па змяненнях і дапаўненнях у Асноўны Закон краіны выказалі галоўны санітарны ўрач раёна, сацыяльны партнёр аб’яднання Святлана Рассеева, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, казначэй раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, спорту і турызму Ганна Літвіновіч. Іна Далецкая азнаёміла прысутных з дэкларацыяй, прынятай на V Пленуме Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У падтрымку гэтага дакумента выступіла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Літвіновіч. Па кожным з пытанняў савет прыняў адпаведныя пастановы.

За добрасумленную працу — узнагароды

Прыемным момантам пася­джэння савета стала ўзнагароджванне прафсаюзнага актыву і найлепшых работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Граматы, падзякі раённага аб’яднання прафсаюзаў, падарункі з рук Сяргея Чэпіка і Іны Далецкай атрымалі старшыні пярвічных прафарганізацый — пераможцы конкурсу, а таксама вядучы інжынер па працаёмкіх працэсах СП «Дунілавічы-­агра» Станіслаў Сяргун, урач псіхіятр-нарколаг Пастаўскай ЦРБ Жанна Папова, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў ААТ «Паставымэбля» Анатолій Іванісаў, лабарант кабінета фізікі СШ №1 Наталля Бажок.

Пра работу турыстычна-аздараўленчага комплексу «Брас­лаўскія азёры» прысутным расказаў яго дырэктар Іван Бялусь.

Кіраўнік раёна Сяргей Чэпік, звяртаючыся да прафсаюзнага актыву, падзякаваў за работу і папрасіў і надалей дахо­дзіць да кожнага чалавека і чуць яго. Станоўчую ацэнку рабоце Пастаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў даў Юрый Дзеркач.

Фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.