Ад саламянай страхі да драначнай
Пасля вайны ў вёсках і мястэчках пачалі масава аднаўляць пабудовы. Крыць іх не было чым, дэфіцыт шыферу быў заўсёды. Кулявой саломы ўжо не існавала, бо арганізаваліся калгасы, таму хаты і хлявы крылі дранкай у тры слаі.
Дранка — зрэзаная вострым механічным нажом дошчачка з расшчэпленага напалову здаровага, без сукоў, асінавага каратыша. Крыць ёй хату было не самым хуткім працэсам. Спачатку клалі ніжні рад пакарочанай дранкай, потым — наступны. Ды так, каб атрымалася трохслойная канструкцыя і не было бачна цвікоў, а дранка ляжала «шэрсцю» ўніз, бо слаі драўніны пры яе вытворчасці зрушваліся.
Рабілі дранку звычайна станком з конным прывадам. Метровыя асінавыя цурбаны замацоўваліся ў аснове станка па крузе. Па гэтым крузе няслабы конь круціў замацаванае ў цэнтры бервяно з прыробленым знізу шырокім лязом і седаком наверсе, які і кіраваў гэтым працэсам. Зрэзаную дранку трэба было хуценька падбіраць.
Канешне, прадукцыйнасць такой «вытворчасці» была невысокай, якасць дранкі — таксама, але трэба было выбірацца з зямлянак. Да пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашай мясцовасці не было электрычнасці, таму спецыяльныя станкі для вырабу дранкі, што з’явіліся з цягам часу, прыводзіліся ў рух трактарамі.
На адным са здымкаў вы бачыце вытворчасць дранкі ў Смыцкім (цяпер — Груздаўскае) лясніцтве Пастаўскага лясгаса. Пас ад ДТ-20 круціць праз зубчастыя шасцерні вялікае кола з шатуном, які і рухае рэжучы нож. Чалавек меншага росту на фота — трактарыст лясніцтва Іван Татарчук. Ён не мяняў месца працы, а толькі час ад часу — трактары, да якіх ставіўся беражліва.
Няхай гэта публікацыя паслужыць напамінам пра добрага і шчырага чалавека, нястомнага працаўніка і ўжо забытую «вытворчасць».
Акрамя дранкі, у трох збітых з дошак лясгасных «цэхах» выпускалася і іншая прадукцыя: піламатэрыялы, клёпкі для бочак, чаранкі для рыдлёвак… Працэс пагрузкі драўніны на аўтамашыну адлюстраваны на здымку. Каментарыі тут лішнія.
Іван Сіманёнак
Фота даслаў Іван Сіманёнак