Свята мужных і адважных
Якая нагода можа сабраць ля абеліска на плошчы Пастаў кіраўніцтва раёна, ваеннаслужачых, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый? Святочная! Больш за тое, свята абавязкова павінна быць усенародна любімым. Менавіта да такіх і адносіцца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
У гонар непахісных і надзейных захавальнікаў міру — былых і цяперашніх, — якімі спакон вякоў славіцца беларуская зямля, 23 лютага ля брацкай магілы загінулых воінаў і партызан на цэнтральнай плошчы райцэнтра адбыўся ўрачысты мітынг.
— Мужнасць, гонар, адвага і гераізм… Гэта не проста словы, а спрадвечныя маральныя каштоўнасці беларускага народа, — сцвярджае, нібы чытае сугучныя прысутным думкі, вядучая мерапрыемства Вольга Лойка. — 2022-і абвешчаны ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Давайце ўзгадаем тых, хто стаў прыкладам мужнасці і стойкасці. Уславім тых, хто, нягледзячы на ўсе выпрабаванні і перашкоды, адстаяў нашу свабоду і незалежнасць. Недарэмна спяваецца ў песні: «абавязак у салдата адзін — да перамогі змагацца за мір»…
Больше фото в группах «Новости в Поставах. ПК» в Одноклассниках и ВКонтакте.
У знак светлай памяці абаронцаў, якія ахвяравалі свае жыцці дзеля лепшага лёсу для нас, аб’яўляецца хвіліна маўчання. Метадычны адлік хранометра змяняюць шчымлівыя музычныя акорды — і да абеліска накіроўваецца «жывая рака» пастаўчан, каб ускласці да яго падножжа вянкі і кветкі, схіліць у сумных думках галаву.
Больше фото в группах «Новости в Поставах. ПК» в Одноклассниках и ВКонтакте.
Вераніка Філановіч