6 элементов нематериального культурного наследия Поставщины включены в Государственный список историко-культурных ценностей Беларуси

Культура

Прэзентавалі 6 элементаў

У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці была арганізавана выстава-прэзентацыя «Скрыжаванні талентаў Віцебшчыны». Удзельнічаў у ёй і калектыў Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.

На выставе прадстаўлялі элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Ад Віцебскай вобласці ў яго ўнесена 19 элементаў. 6 з іх знаходзяцца на Пастаўшчыне.

Маляванкі народнага майстра Дома рамёстваў Вольгі Гукавай называюць брыльянтам традыцыйнага мастацтва. Такімі распісанымі дыванамі ў далёкім мінулым былі ўпрыгожаны сцены практычна кожнага вясковага дома. Здавалася, што традыцыя маляваных дываноў канчаткова страчана. Але дзякуючы такому энтузіясту, як Вольга, яны адра­дзіліся на Пастаўшчыне і з’яўляюцца своеасаблівым яе брэндам.

6 элементов нематериального культурного наследия Поставщины включены в Государственный список историко-культурных ценностей Беларуси

Папера, нажніцы, натхненне — гэта тое, чым карыстаецца народны майстар Таццяна Петух пры стварэнні выцінанкі. Папяровыя фіранкі, абклады на абразы, узоры на сценах, мэблі былі вельмі папулярнымі ў беларускіх вясковых хатах пасля вайны. Такія карункі з цікавымі сюжэтамі, выразаныя Таццянай Петух, спынялі ля сябе наведвальнікаў выставы.

Іосіф Гарбуноў і Гераіма Танана на «Скрыжаванні талентаў Віцебшчыны» выстаўлялі свае работы ў намінацыі «Інсітнае мастацтва». Адметнасць інсіты ў тым, што творцы не маюць прафесійнай адукацыі і працуюць у адпаведнасці з уласным разуменнем і бачаннем прыгажосці. Карціны Іосіфа Гарбунова і сонечныя цуды з саломкі Гераімы Тананы выклікаюць захапленне ў кожнага, хто іх бачыць.

Прадстаўнікі Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра на чале з яго загадчыцай Тамарай Маслоўскай захапілі наведвальнікаў выставы народнай гульнёй «Яшчар», у якую нашы продкі гулялі на Каляды, у велікодны перыяд, на Купалле. Музычнае суправаджэнне на прэзентацыі забяспечваў заснавальнік сямейнага ансамбля Пачкоўскіх з Гуты Аляксандр Пачкоўскі. Многія не ўтрымліваліся і ўключаліся ў забавы.

Ну а пакаштаваць нацыянальнай стравы заходніх раёнаў Беларусі — клёцак з «душамі», якімі частаваў народны клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя» пад кіраўніцтвам Вікторыі Курто, хацелі ўсе без выключэння.

— Праграма выставы была вельмі насычанай, — расказвала дырэктар ЦКіНТ Ксенія Грэська. — На ёй цікава было пазнаёміцца з глінянымі народнымі цацкамі Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння, паназі­раць за тэхналогіяй спіральнага пляцення майстроў з Верхня­дзвінскага, Браслаўскага, Гарадоцкага раёнаў, паслухаць абрадавыя песні «ў перахлёст» з вёскі Багатырская Полацкага раёна, палюбавацца «рагатым» вясельным караваем з Дубровеншчыны, удыхнуць водар чашніцкіх клёцак у баршчы.

З работамі выставы знаёміліся работнікі ўпраўлення культуры аблвыканкама, замежныя студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, спецыялісты некаторых раённых Цэнтраў культуры і народнай творчасці. Пра нематэрыяльныя каштоўнасці Пастаўшчыны расказвала Таццяна Карпава. Прадстаўнікі нашага раёна вярнуліся дадому з мноствам станоўчых эмоцый і дыпломам упраўлення культуры аблвыканкама.

Анна Анішкевіч
Фота даслана ЦКіНТ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.