На адной пасадзе 36 гадоў
Пра інжынера па працаёмкіх працэсах сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Станіслава Сергуна даўно рэкамендаваў напісаць старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч. Ды ўсё ніяк не даходзіла чарга. На пасяджэнні савета прэзідыума раённага аб’яднання прафсаюзаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік уручаў Ганаровыя граматы найлепшым работнікам. Сярод узнагароджаных быў і Станіслаў Сяргун.
— 36 гадоў на адным месцы! — зазначыў кіраўнік раёна, паціскаючы руку Станіславу Іосіфавічу. — Вучыцеся, маладыя!
Увагу з боку журналіста Станіслаў Сяргун успрыняў насцярожана. «Што пра мяне пісаць? — запярэчыў. — Нічога незвычайнага не раблю. Кожны дзень адны і тыя ж абавязкі».
Але выконвае іх добрасумленна. Ён адказны за абсталяванне на зернесушыльным комплексе, а таксама за даільнае, халадзільнае, па гноевыдаленні, водапаенні жывёлы на фермах у Сяргеевічах, Дунілавічах, Кейзіках. Клопатаў хапае круглы год. Абсталяванне нярэдка ламаецца, бо фермы пабудаваны даўно. Многім воданапорным вежам — больш за 50 гадоў. Каб яны служылі, трэба пільна сачыць за іх станам, пры абслугоўванні прыкладваць нямала намаганняў.
— У Дунілавічы з сям’ёй прыехаў у 1986 годзе, — расказваў Станіслаў Сяргун. — Да гэтага закончыў Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум і 10 гадоў аддаў адной з гаспадарак на малой радзіме — у Верхнядзінскім раёне. Там сустрэў будучую жонку — Даната працавала бухгалтарам. Яна — з Жылінскіх Пастаўскага раёна. Вось з часам і перабраліся бліжэй да яе бацькоў.
Работа Станіславу Сергуну была знаёмая. Да пачатку жніва рыхтаваў зернесушылкі, рэгулярна аб’язджаў фермы ў Сяргеевічах, Дунілавічах, Янчуках. Хапала слесараў па рамонце абсталявання, якія былі надзейнымі памочнікамі. Цяпер працаваць стала намнога складаней: абсталяванне знасілася, часта прыходзіцца яго рамантаваць. Пры неабходнасці ён сам можа і газазварачныя, і слясарныя работы выканаць. Чалавеку ідзе 69-ы год. Даўно мае права на заслужаны адпачынак. Ды кіраўніцтва гаспадаркі ўгаворвае не пакідаць работу, бо на фермах без Сергуна будзе праблематычна.
Анна Анішкевіч