Мадэлінг акрыляе
Завяршаецца год, і кожны з нас падводзіць вынікі: якім ён быў, што паспелі зрабіць,чаго дасягнулі.
Для пастаўчанкі Святланы Рассохінай 2021-ы застанецца незабыўным. Найярчэйшая падзея — удзел у міжнародным конкурсе ўзроставых мадэляў, які праходзіў у лістападзе ў Турцыі.
Але пра ўсё па парадку. Як прызнаецца жанчына, яна заўсёды была ўпэўненай у сабе аптымісткай. У 20 гадоў выйшла замуж. З мужам-афіцэрам жылі ў Расіі, Украіне, Казахстане. Пасля распаду СССР сям’я пераехала з Масквы ў яе родныя Паставы, якія яна вельмі любіць. Зараз мае тут уласны магазін элітнай біжутэрыі.
— Прайшлі гады. Выраслі не толькі нашы два сыны, але і ўнукі. Клопатаў паменела, — расказвала Святлана. — І што далей? Легчы на канапу і піць таблеткі? Не хачу! Мне патрэбна што-небудзь новае, цікавае.
У «Інстаграме» яна звярнула ўвагу на аб’яву міжнароднага мадэльнага агенцтва аб наборы на анлайн-курсы мадэлінгу. Паспяхова прайшла гутарку — і з першых заняткаў захапілася. Курсы ладзіліся для ўзроставых мадэляў. Заняткі праходзілі два разы на тыдзень на працягу трох з паловай месяцаў. Будучых мадэляў вучылі бездакорнай асанцы, мастацтву прыгожа хадзіць, пранізліваму погляду, уменню пазіраваць перад фотааб’ектывам, асаблівай этыцы і многаму іншаму.
— Мы атрымлівалі хатнія заданні, напрыклад зрабіць рэкламу брэнда свайго рэгіёна, — дзялілася Святлана Уладзіміраўна. —Прыдумвалі розныя ўборы, рабілі шмат прафесійных фотаздымкаў, афармлялі партфоліа. Падчас вучобы было такое адчуванне, што я нібыта перараджаюся. Таму маёй дыпломнай работай сталі вобразы птушкі Фенікс і Шахматнай каралевы.
Праз некаторы час пасля заканчэння курсаў 20 мадэляў ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў з Італіі, Германіі, Бельгіі, Украіны, Расіі, Беларусі запрасілі на міжнародны конкурс у Аланію (Турцыя).
— Я пабывала ў казцы! — захапляецца пастаўчанка. — Мы прэзентавалі сябе і рэкламавалі адзенне розных брэндаў, якое нам і падарылі. Ідзеш па подыуме — і такое адчуванне, нібыта падымаешся над зямлёй. Які драйв! Колькі адрэналіну! У нас там было шмат фотасесій, здымкі ўпрыгожвалі турэцкія газеты.
Мадэлі кожны месяц папаўняюць новымі здымкамі свае партфоліа, якія захоўваюцца ў мадэльным агенцтве. Іх работы размяшчаюць часопісы ў Расіі, ЗША, краінах Еўропы. Запрашэнне на кастынг або ўдзел у паказе мод можа паступіць адкуль заўгодна.
— Але гэта не галоўнае, — прызнаецца мая субяседніца. — Сэнс не ў тым, каб пакрасавацца на подыуме, а каб у любым узросце адчуваць сябе прыгожай і ўпэўненай, атрымліваць радасць ад жыцця.
Святлане — 65, і яна не хавае свайго ўзросту. Але паглядзіце на гэты фотаздымак. Думаеце, ён зроблены гадоў пяць назад? Не, сёлета! Напэўна, кожная Святланіна равесніца і нават маладзейшыя жанчыны хацелі б выглядаць гэтак жа шыкоўна. Але ці ў кожнай атрымаецца?
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Святлана Рассохіна