Ганаровая перамога
Па выніках работы за 2021 год Пастаўскі дом рамёстваў «Стары млын» прызнаны найлепшым у Віцебскай вобласці
Конкурс сярод гарадскіх і сельскіх устаноў культуры Віцебшчыны ладзіцца штогод. У намінацыі «Найлепшы Дом рамёстваў» пастаўчане не навічкі — заяўкі на ўдзел у творчым спаборніцтве яны падавалі і раней. І нават двойчы перамагалі — у 2005 і 2015 гадах.
Сёлета поспех паўтарыўся. Журы высока ацаніла якасць і колькасць мерапрыемстваў, арганізаваных установай у 2021 годзе, яе папулярнасць сярод наведвальнікаў, разнастайнасць кірункаў дзейнасці, паспяховае аказанне платных паслуг. Адным словам, паставіла найвышэйшы бал за ўсю тую работу, якую праводзіць невялікі калектыў творчых супрацоўнікаў Пастаўскага Дома рамёстваў.
Пра іх высокі прафесіяналізм сведчыць шэраг дыпломаў усіх ступеняў, заваяваных летась у абласных і рэспубліканскіх конкурсах. А адным з самых важкіх дасягненняў за мінулы год можна лічыць тое, што дырэктару «Старога млына» Таццяне Петух і майстру Вользе Гукавай першым у раёне прысвоена званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».
— Мінулы год быў вельмі багатым на разнастайныя падзеі, — адзначыла дырэктар Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяна Петух. — Большасць мерапрыемстваў, якія мы праводзілі, былі прысвечаныя Году народнага адзінства. Многае зроблена і ў плане папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебшчыны. У 2021 годзе ў яго ўнесены яшчэ адзін элемент з Пастаўшчыны — выцінанка.
Планаў на 2022-і шмат. Так як ён аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, будзем ладзіць мерапрыемствы гэтай тэматыкі. Запланавана некалькі выстаў старых фотаздымкаў, шмат іншага. Сачыце за анонсам і прыходзьце. Будзем радыя бачыць кожнага!
Іна Сняжкова