Абнавіліся ФАКі
Яго выгляд змяніўся як знутры, так і звонку. Ужо пры пад’ездзе да комплексу позірк спыняецца на абноўленым фасадзе з боку стадыёна. Перад уваходам у будынак пакладзена асфальтавае пакрыццё і зроблена разметка для паркоўкі транспарту, у тым ліку асоб з інваліднасцю.
Яшчэ большыя змены адбыліся ўнутры памяшкання. Начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі з задавальненнем паказваў пераўтварэнні. Напрыклад, у пакоі для трэнераў зроблена падвясная столь, на падлогу пакладзены ламінат, на сценах — дэкаратыўная тынкоўка, закуплена новая мэбля. Тое ж самае — у пакоі для адміністрацыйнага персаналу. Новыя падлога, столь, асвятленне, афарбоўка сцен у більярднай. Непазнавальна змяніўся выгляд аднаўленчага цэнтра, папрыгажэла ў басейне, душавых, раздзявалцы, пафарбавана падлога і абноўлена разметка ў спартзале. На другім паверсе ёсць 5 пакояў для пражывання. 4 з іх набылі іншы выгляд: зараз у іх навясныя столі, ламінат, пераклееныя шпалеры, новае асвятленне і мэбля. Пяты пакой плануюць адрамантаваць сёлета.
— У мінулым годзе за бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі зроблена многае, — расказваў Вячаслаў Врублеўскі. — Адбыліся змены не толькі на ФАКу па вуліцы Савецкай, але і па вуліцы Касманаўтаў, тут адрамантавана руская лазня. На ФАКу ў Варапаеве адрамантаваны дах, пафарбавана спартзала, устаноўлены гімнастычныя трэнажоры і 140 метраў сучаснай агароджы. Вялікія сродкі (200 тысяч рублёў з раённага бюджэту і 300 — з абласнога) асвоены на будаўніцтве гасцінічнага комплексу ў Азёрках. Усюды работы якасна выконвала КБУП «Рассвет Пастаўскі». Мы ўдзячныя будаўнікам за іх старанне і адказнасць. Таксама хачу адзначыць актыўны ўдзел у выкананні работ індывідуальнага прадпрымальніка Уладзіміра Савельева. Не заставаліся ў баку і самі работнікі абодвух ФАКаў. Іх рукамі зроблена шмат.
Агульныя намаганні прынеслі плён — абноўленыя спартыўныя ўстановы сталі яшчэ больш прыцягальнымі для наведвальнікаў.
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара